TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #151 1.05K
16-17 траўня ў Менску на 10-тысячнай “Чыжоўка-арэне” пройдзе “Фестываль надзеі” – вялікі форум евангельскіх хрысціянаў.

“Фестываль надзеі” ў Беларусі – падзея ня проста значная. Для беларускіх хрысціянаў яна грандыёзная. За апошнія два дзясяткі гадоў падобныя кангрэсы евангельскіх цэркваў на постсавецкай прасторы можна палічыць на пальцах. 2026 год, рэжым, вайна – а ў Менску шматтысячны евангельскі фэст, дзе будуць казаць пра веру, надзею і мір. Для ўсёй Беларусі – гэта магутны хрысціянскі прарыў.

На сённяшні час пратэстанцкія цэрквы – гэта каля дзьвюхсот тысячаў чалавек, больш як 2% насельніцтва Беларусі і каля 3% вернікаў, трэцяя па велічыні хрысціянская канфесія пасля праваслаўных і каталікоў. Зарэгістраваных грамадаў да 2025 года пратэстанты мелі больш тысячы – а гэта ўжо каля траціны ўсіх хрысціянскіх грамадаў у Беларусі.

Евангельскія вернікі – законапаслухмяныя грамадзяне, руплівыя працаўнікі, часта прадпрымальнікі альбо фермеры, сярод іх мноства шматдзетных сем’яў і дабрачынцаў. “Соль зямлі” – гэта пра іх. На Палессі пратэстанты – гэта сіла: там часта трапляюцца цэлыя баптысцкія і пяцідзясятніцкія вёскі, такія як знакамітыя Альшаны.

У 2020 годзе тысячы евангельскіх вернікаў удзельнічалі ў пратэстах. Сотні прайшлі суткі, турмы, дэпартацыю з Беларусі. Больш як трыццаць пастараў былі рэпрэсаваныя. Некалькі дзясяткаў пратэстанцкіх грамадаў не перарэгістравалі. Пытанне, ці ёсць цяпер афіцыйна тая тысяча евангельскіх супольнасцяў. Канечне, найперш пацярпелі “нязручныя цэрквы” – пратэстанты, якія пратэставалі. А для тых, каго рэгіструюць, непазбежная ўмова: не дапускаць аніякай “крамолы” ў набажэнствах.

Ці працягваюць жыць забароненыя грамады? Ня буду называць прыклады і канкрэтныя цэрквы, каб не зашкодзіць людзям. Хтосьці сышоў у анлайн, хтосьці ў дамашнія групы, хтосьці перайшоў у зарэгістраваныя цэрквы, ва ўсіх па-рознаму. Але пратэстанты гістарычна маюць глыбокі досвед выжывання ў таталітарным рэжыме – падчас савецкіх ганенняў на веру. Ніякі Лукашэнка не прымусіць сапраўдных вернікаў Ісуса Хрыста стаць на калені перад дыктатарам.

Падчас здушэння маніфестацыяў і пасля пачатку вайны ва Ўкраіне па пратэстантах білі асабліва моцна – маўляў, “амерыканская царква”. Але пасля перамогі Трампа ў ЗША становішча пачало мяняцца. Наладжванне стасункаў з адміністрацыяй Трампа для Лукашэнкі і Пуціна стварыла асаблівае становішча – пратэстанты раптам сталі запатрабаванымі ў сілу пакручастай геапалітыкі. На гэтым павароце для евангельскіх цэркваў нечакана адчынілася вакно магчымасцяў.

Улады дазволілі фэст, таму што цяпер такі час, цяпер рэжыму трэба сябраваць з Амерыкай. Але сам факт такога малітоўнага збору зрушвае беларускую гісторыю. Усе, хто верыць у Бога, разумеюць сілу малітвы. Калі тысячы людзей разам просяць Бога пра надзею – часам вера перамяшчае горы. І дай Бог, каб ня толькі лагатып Фестывалю надзеі быў па-беларуску – а каб і малітвы, і спевы таксама гучалі на “Чыжоўка-арэне” па-беларуску.

Бог прыходзіць у Беларусь – і з беларусамі Ён размаўляе па-беларуску.

Беларускія пратэстанты, як і пратэстанты наогул – людзі арганізаваныя і адказныя. “Чыжоўка-арэна” 16-17 траўня, не сумняюся, будзе перапоўненая. Магчыма, улады правядуць туды і супрацоўнікаў сілавых структураў, і чыноўнікаў з райвыканкамаў – што ж, хай паслухаюць пра Госпада Укрыжаванага, хай думаюць, як ім каяцца.

Рэжым, канечне, паспрабуе выкарыстаць гэты фэст у сваіх мэтах – маўляў, глядзіце, відны прапаведнік са Штатаў, са знакамітай хрысціянскай дынастыі, свабодна прапаведуе, людзі спакойна моляцца, мы, беларусы, за мір ва ўсім свеце і так далей. Але на месцы Франкліна Грэма я б абавязкова знайшоў словы, каб падтрымаць тых вернікаў, якія і сёння пакутуюць у турмах рэжыму – і, канечне, каб данесці адпаведнае пасланне для тыранаў.

Бо Ісус Хрыстос – гэта ня толькі мір і ласка. Ісус Хрыстос - гэта яшчэ і свабода, і праўда, якія разрываюць Божае сэрца і якіх так не стае сённяшняй Беларусі.
  • ❤ 37
  • 🙏 14
  • 👎 4
  • 🥱 3
  • 🕊 1
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →