Як і навошта я рэзаў сабе руку на Акрэсціна ў 2020-ым.
Спачатку - трохі турэмнай тэорыі.
Калі трапляеш ў турму, рана ці позна паўстаеш перад фактам: з табой могуць зрабіць усё, што заўгодна, а ты ня можаш зрабіць з гэтым анічога.
Твае словы, звароты, просьбы, патрабаванні у лепшым выпадку ігнаруюцца, а ў большасці выпадкаў - пагаршаюць тваё становішча.
І тады людзі пагражаюць забіць сябе. "Ускрываюцца" - рэжуць сабе рукі, вены, горла, жывот. У Гародні мне даводзілася сядзець у камеры ШІЗА, вышэй чалавечага росту запырсканай па ўсіх сценах крывёй (з ускрытых венаў і артэрыяў сіфоніць, як фантан).
На "ўскрыццё" грамадзянін начальнік абавязаны рэагаваць. Бо гэта надзвычайнае здарэнне. Вязень можа памерці альбо трапіць у шпіталь. Трэба зашываць. Трэба тлумачыць вышэйшаму начальству, што здарылася. Прыедзе Следчы камітэт. Будуць лямантаваць сваякі. І хаця сістэма ў большасці выпадкаў "адмазвае" сваіх супрацоўнікаў ды, канечне, звальвае віну на самога вязня - нікому ня трэба лішні "галаўняк".
"Ускрыццё" - гэта апошняя, адчайная спроба вязня дамагчыся хоць нейкай змены прынятага па табе рашэння.
Усё гэта я ведаў. У тэорыі. Але да практыкі за папярэднія гады не даходзіла. У 2020 годзе на Акрэсціна дайшло.
Сяджу, значыць, у карцэры. Бетонная скрыня. Ніякіх рэчаў. Вады няма. Спаць немагчыма. "Ачко" тхне. У суседняй камеры гэтак жа мучаюць Волю Мікалайчык. На просьбы, патрабаванні і крыкі моўчкі грукаюць у дзверы, аж здрыгаецца ўся твая цесная канура: цыц, бо зараз увалім. Дзень, два, тры, чатыры.
Ускрываемся. Добра, але як ускрывацца хрысціяніну? Самагубства - смяротны грэх. Нельга забіваць сябе. Значыць, трэба пашкодзіць сваё цела без пагрозы жыццю.
Доктар Лукаш Война-Ясенецкі, знакаміты праваслаўны святы родам з Беларусі часоў Сталіна, рэзаў сабе горла сталовым нажом (падчас бясконцых начных допытаў НКВД запатрабаваў сабе ежы, маўляў, пасля людскага абеду гатовы ўсё падпісаць) - і допыты спынілі.
Падчас мінулых адседак я бачыў, як рэжуць сабе рукі спрактыкаваныя зэкі - рэзка паласуюць перадплечча альбо запясце, каб паболей крыві, ці то лязом ад станка ("мойкай"), ці то адбітым кавалкам пліткі, ці то заточаным краем металічнай міскі альбо лыжкі падчас абеду.
У мяне ў дзвярных кратах карцэра (бо дзверы ў ізалятарах двайныя - акрамя акаванай дзвярной пліты яшчэ абавязкова дзверы-краты) на самым замку былі шрубы, зрэзаныя баўгаркай - рваныя металічныя краі. Адразу прыгледзеў на скрайні выпадак. Пасуе.
Памаліўся Богу. Левую руку да шрубаў, ад локця і ніжэй - пайшоў. Раз, два, тры. Метал рэжа цела, нібы масла. Кроў цячэ. Крыві шмат, гэта добра. Барабаню ў дзверы:
- Уключыце ваду! Вярніце рэчы! Выводзьце з карцара суседку! Ускрыўся - вы будзеце адказваць!
Прыбягае змена (мабыць, глядзелі камеру) - кантралёр, дзяжурны, доктар. Глянулі вочка, хутчэй адмыкаюць першыя дзверы. Доктар з ёдам і бінтамі праз краты:
- Давай сюда руку, быстра!
- Выводзьце!
Рука ўся ў крыві ад локця да далоні. Мяне пачынае трохі хістаць. Дзяжурны, напалоханы, пачынае клясціся:
- Мы не можем вывесті! Сейчас найдём начальніка, его же нет в учрежденіі, доложім, всё будет хорошо, дайте остановіть кровь!..
- Выводзьце мяне і суседку!
- Обещаю! Бегу докладывать!.. Слово офіцера!..
Карацей, добра, думаю. Тэст ёсць. Дакладзе начальству. Калі дамагуся - добра. Калі нічога ня зменіцца - значыць, чакаюць, пакуль сам сябе заб'ю. Тады стоп. Даю руку.
Доктар апрацоўвае руку, разглядвае і расчаравана басіць:
- Э-э-э, тут не смертельно.
Ну, думаю, вам было б супер адразу і "смертельно". Але цяпер ваш ход, грамадзяне начальнікі.
Пра тое, чаго я дамогся сваім ускрыццём - наступным разам.
Post #141
928
- 💔 36
- 🙏 11
- ❤ 8
- 😢 4