Занесла мяне ажно на Рыўеру. Некалі ўжо прыходзілася бываць на Лігурыйскім моры ў Генуі (у якую я ўлюбіўся). Гэтым разам патрапіў у Ніцу. Дазволю сабе падязліцца некаторымі месцамі і гістарычным кантэкстам з імі звязанымі.
Заўсёды любіў у цікавых гарадах наведваць могілкі, дзе пахаваныя вядомыя (і не толькі) людзі. Могілкі даюць нейкую нестандарную прызму, праз якую можна паглядзець на гісторыю дадзенай мясцовасці. Прасякнуцца лёсамі: трагічнымі і гераічнымі; паглядзець зрэз падзей: знаменных і ганебных; падумаць аб вечным: асабістым і супольным.
У Ніцы знаходзяцца некалькі могілак. Самыя вядомыя - Шато. Яны распасцерліся на маляўнічым склоне, каля прыгожага парку на месцы сярэднявечнага замку. Адтуль адкрываюцца неверагодныя краявіды і на пляж з горадам, і на мора. Побач маленькія жыдоўскія могілкі.
Шато даволі прыгожыя, хоць амаль без дрэваў і ценю. Пад палячым сонцам цяжка вытрымаць. Сярод вядомых фігур там спачывае Гастон Леру. Вядомы французскі пісьменнік і журналіст, аўтар "Прывіда оперы". Леру падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. быў у Расейскай імперыі, адкуль дасылаў свае рэпартажы пра рэвалюцыйныя падзеі. Аднак мяне цікавіла асоба, якая не апісвала рэвалюцыю, а была адной з яе крыніц.
Аляксандр Герцэн. Чалавек вядомы, роданачальнік "расейскага сацыялізму", народніцтва, пісьменнік (хто ж не ведае "Хто вінаваты?", якое стала хадзячай назвай) і палітычны мысляр, вучоны, выдавец і выгнанец. Сябар Агарова, Бакуніна і Прудона, з якім выдаваў за свае грошы часопіс. А таксама польскага анархіста Эдмунда Хаецкага.
Герцэн - андызяржаўнік, мо і не такі радыкальны як Мішэль, аднак імкнуўся да нізавога федэратыўнага ладу. Ён верыў у сялянскую грамаду, навуку і прагрэс, адукацыю і самавызваленне. Вялікае значэнне надаваў сям'і і педагогіцы. Пражыў цікавае, але складанае жыццё. Асабістае не меньш трагічнае, чым палітычнае (бразільскія серыялы пазаздросцяць). Памер у Парыжы, але пахаваны побач жонкі ў Ніцы.
Стаяў на паслядоўных антыімперскіх пазіцыях. Быў сябрам Польшчы. Падтрымліваў самавызначэнне народаў, садзейнічаў паўстанню 1863-1864 гг. Крытыкаваў прыгнёт сялян у Беларусі і меў уплыў на беларускіх дзеячоў (напрыклад, на Францішка Багушэвіча).
Мяркую, што анархістам (i не толькі ім) варта не забывацца на думкі Герцэна і ягоны ўплыў на анархізм і рэвалюцыйны рух. Ёсць шмат вартасных кніг па тэме. Апроч прац і лістоў самога рэдактара "Колакала", для зацікаўленых раю прачытаць прынамсі два арыткулы: паэтычна-параўнаучы Пятра Рабава "Бакунин и Герцен", класічны Наталлі Пірумавай "Русский социализм" Герцена, а таксама зборнік Либерализм и социализм. Запад и Россия. К 200-летию со дня рождения А.И.Герцена (м.інш. з тэкстам Дзмітрыя Рублёва "Герцэн і Анархізм"). Тэксты добрыя і бросяць святло на некаторыя важныя справы.
Калі ўжо гаворка аб сялянскай грамадзе, то і верш на кшталт народных напеваў, з паўторамі і адсылкамі да сумнага і сакральнага.
Post #94
100