TGViewer
Вершы нікому не патрэбныя Вершы нікому не патрэбныя @sashanefer · 127 subscribers
Post #91 130
Сёння другая гадавіна смерці майго сябра Жвіра. Гэты вядомы ў Беларусі антыфашыст загінуў са сваімі пабрацімамі, выконваючы вайсковае заданне на мяжы Украіны і Расіі. Віна за смерці ваяроў ляжыць на камандзірах ягонага падраздзялення, якія зрабілі недапушчальныя памылкі падчас планавання акцыі. Колькі такіх памылак робіцца штодня ў ЗСУ? Эх...

Са Жвірам я пазнаёміўся гадоў 15 таму на антыфашыстоўскім футбольным турніры ў Торуні. Тады з'ехалася шмат сяброў і таварышаў, у тым ліку з Беларусі. Памятаю, як калектыўна выбіралі назву для каманды і прыдумалі, што мы KGB (Каманда Гродна-Брэст). На жаль, да фіналу не дайшлі, але час бавілі файна. У турніры, сярод іншых, удзельнічаў нябожчык Дзіма Казлянка.

Сяброўства са Жвірам завязвалася паступова. Раней я больш кантактаваў з ягоным братам. Пра Жвіра ведаў ізноў жа па гучнай "справе беларускіх анархістаў". Тады яму ўдалося перайграць органы і назаўсёды пакінуць радзіму. Аднойчы ён прыехаў да нас у госці, яму трэба было недзе ўпісацца, і мы знайшлі агульную мову. Аказалася, што ў нас шмат сумежных тэм, знаёмых, думак. Ды і Егермайстар дапамог. Дзеля справядлівасці трэба падкрэсліць, што гэта быў вынятак, бо яго алкаголь не прывабліваў. Жвір больш спорт любіў і заўсёды быў у форме.

Аднойчы мы пайшлі на фест у альтэрнатыўную прастору ў нашым горадзе, і нейкія маладыя нацыкі кінулі светлашумавыя гранаты ўнутр. Гэта было даволі неспадзявана і мы думалі, што канцык "накрылі". Хаос, гук, дым. Памятаю, што Жвір не разгубіўся і адразу схапіў крэсла, каб адбівацца ад банья. Але яны хутка паўцякалі. З такім можна было і ў разведку ісці.

Жвір усё ніяк не мог дапісаць свой паліталагічны дыплом. Дадам, што ён вучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Прасіў мяне, каб я пачытаў і падзяліўся заўвагамі, што паправіць і гд. Даслаў мне працу, але я так яе і не дачытаў. Шчыра кажучы, ён і сам неяк не спяшаўся яе скончыць. А пазней паўстанне ў Беларусі, вайна ва Украіне...

Неяк пасля падзей 2020 г. ён напісаў мне з запытаннем, ці ў мяне ёсць пад рукой партрэты беларускіх сілавікоў. Я акурат напісаў нядаўна артыкул пра падзеі ў Беларусі, які быў цікава праілюстраваны спайдэрграмай асоб, адказных за масавыя рэпрэсіі і тэрор супраць беларускага грамадства, і меў адпаведную падборку. Думаю, навошта яму яны? Аказалася, ён з таварышам на стрэльбішча хадзіў трэнавацца, ім патрэбны былі добрыя мішэні.

Іншая сітуацыя. Гатую сняданак, раблю салацік. Запраўляю аліўкавым алеем, пытаючыся яго, ці будзе окей. Ён такі: так, але ж трэба яшчэ смятаны дадаць. Але ж алей ёсць, адказваю. Ён: не, смятана не зашкодзіць і ў алею. І дадаў. Мне было вельмі смешна. Але паводле Жвіра, смятана - наша ўсё. Смятанай салат з алеем не папсуеш.

Пазней мы часцяком сустракаліся ў Варшаве. У вольны час хадзілі ў нейкія музеі, абедалі разам. Дыскутавалі, бо ў яго быў дапытлівы розум. Часам на ягоныя гістарычныя пытанні я не меў адказаў. Абмяркоўвалі разумныя кнігі, навіны, нейкія сардэчныя справы.

Быў момант, калі мы трошкі пасварыліся. Ён сімпатызаваў з лібертарнымі ідэямі, але ж анархістам сябе не называў. Яго цягнула ў антыімперскія, антыфашыстоўкія, больш сацыялдэмакратычныя матывы. Калі ў Вільні мела месца перапахаванне Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў, ён паехаў на гэтае масавае мерапрыемства. Для яго гэта было вельмі істотна. Увогуле, Каліноўскі такая гістарычная постаць, якую выкарыстоўваюць усе палітычныя сілы. І правыя, і лібералы, і левыя. Для мяне, бясспрэчна, ён быў важнай фігурай. Рэвалюцыйны дэмакрат і паўстанец, які паплаціўся сваім жыццём, боручыся за волю і сацыяльную справядлівасць. Але ехаць на пахаванне на дзяржаўным узроўні я лічыў для себе непрыймальным. Хай гэтыя апазіцыянеры кічацца Яськам Гаспадаром з-пад Вільні, але хай не забываюць, што аўтар "Мужыцкай праўды" справу рабіў, а не балбатаў як большасць з іх. Праз некалькі месяцаў нашыя стасункі вярнуліся ў папярэдняе рэчышча.
  • 💔 6
  • 👍 4
  • 🔥 2
  • ❤ 1
More from @sashanefer
  1. Oct 15, 2026Всплеск 2 Как заебался я лезть на стены От одиночества и беспробудства, От ультразвуков по…
  2. Oct 15, 2026Джэтлаг другую ноч запар. Прайграю бітву з разузгадненнем функцыянальнай сістэмы арганізма…
  3. Oct 13, 2026Пасля даволі цёплага Нью-Ёрка Польшча сустрэла восеньскім холадам, але (з падачы Андрухі)…
  4. Oct 12, 2026лихо заломив картуз крайнею весной, трупногабаритный груз не спешит домой под лопаткой бью…
  5. Oct 12, 2026*** свет цветёт поспела ночь чтобы зонтик если дождь след ведёт устала дрожь если отдых не…
  6. Oct 12, 2026Сёння свой 45 дзень нараджэння адзначае мой сябар Андрэй. Сапраўдны паэт, музыка, эрудзіра…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →