І яшчэ ён дадаў, што яго стрымлівае факт, што гэта літаратура напісаная ў няволі, а ён піша на свабодзе. Літаратура гэта і ёсць свабода, дзе няма кайданаў, а ёсць бязмежная воля, дзе мары дасягаюць найдалейшых закуткоў сусвету, а друкаванае слова можа быць універсальным - зразумелым і эгалітарным для людзей з усяго свету. Бо кожны пісьменнік у сваіх кнігах заўсёды размаўляе з іншымі творцамі, з іх кнігамі, з мінулым і будучым. Пасрэдна і непасрэдна. Гэта ланцуг дыялогу і сансара свабоды. Можна было працягнуць размову, пытаючыся, ці не ёсць свабода пісаць (і даволі цікава пісаць) пра траўматычны досвед турэмнай рэчаіснасці, але не хацеў замінаць Альгерду. Ён і Юля падпісалі мне кнігі і я пайшоў шпацыраваць па розных пляцоўках Летуцені.
Неспадзявана сустрэў на пікніку старога таварыша Уладзя В., менскага анархіста і даследчыка гісторыі беларускіх дысідэнтаў і ЛГБТК+ супольнасьці. Спатыкаючы чарговых знаёмых, адчуваў па ўсяму парку прыемны водар Mary Jane.
Думаў, што можна было б пайсці на афтэрпаці, трошкі сацыялізацыі не зашкодзіла б. Аднак пасля выступу РСП (я не аматар) сентыментальна паслухаў апошнюю песню - нашую цудоўную калыханку (для мяне самую цёплую) ды падумаў, што пайду лепш дамоў. Усё, што хацеў зачарпнуць з пікніку - прыдбаў. І прыемна стомлены пацялёпкаўся да сваіх дзяўчукоў.
Ну і прыгадаў сваю чарговую спробу пісаць вершы па-беларуску. Часта ў паэзіі хапаешся за фразу і вакол яе нараджаецца верш. Так і з гэтай замалёўкай. Яе першы радок я калісьці пачуў у цягніку з Горадні да Варшавы ад вядомага беларускага журналіста, блогера, літаратара і чалавека вельмі творчага, з якім знаёмы з часоў ліцэя, Валеры Руселіка. Мы ехалі ў адным купэ і ён сказаў жонцы, якая нешта шукала: "Ты паглядзі ў сваё люстэрка...". Вось і я зазірнуў у сваё.
Post #87
119
- ❤ 5
- 👍 3