Пабываў учора на пікніку Летуцень, масавай імпрэзе, якую ладзіць ужо каторы год беларуская дыяспара ў Кракаве. На мерапрыемства з'ехаліся беларусы і беларускі са ўсёй Польшчы. Імаверна, за ўвесь дзень тусоўку наведалі некалькі тысяч людзей. І сапраўды, размах пікніку ўражвае. З самага ранку арганізатар:кі прапанавалі гасцям некалькі тэматычных сегментаў (праграма па спасылцы і ніжэй): дзіцячы, адукацыйны, літаратурны, псіхалагічны, артыстычны, салідарны, спартыўны. Былі фудкорты і дранікі. Была этна-сцэна, сцэна з электроннай музыкай і галоўная, на якой адкрыў для сябе цікавы праект Domsun, а хэдлайнерам выступіў гурт РСП.
Можна было набыць шмат літаратуры па-беларуску, цішоткі, разнастайныя рамесленныя вырабы. На жаль, надвор'е трошкі псавала атмасферу ў першай палове дня, але незалежна ад гэтага ўсё атрымалася.
Летуцень праходзіў у прыгожым Парку Йордана. Як толькі мы ўвайшлі ў парк, я адразу пабачыў вядомую беларускую літаратурную пару: Альгерда Бахарэвіча і Юлю Цімафееву. Падыйшоўшы прывітацца, нагадаў ім, што недзе ў 2016 г. вадзіў іх дэлегацыю (апроч іх: Сяргея Дубаўца, Алеся Лагвінца, Андрэя Хадановіча) на старыя Ракавіцкія могілкі на магілу Алеся Гаруна. Магілу гэтага паэта, рэвалюцыянера, у маладосці эсэра-максімаліста, катаржніка, аднаго са стваральнікаў БНР, 30 гадоў таму аднайшоў гісторык Алег Латышонак.
Літаратары запрасілі мяне на прэзентацыю сваіх новых кніг, якую вёў Хадановіч. Першы паэтыцкі зборнік Юлі "Кровазварот" прыцягнуў маю ўвагу сваёй канцэптуальнасцю. У ім аўтарка імкнулася асэнсаваць свой эмігранцкі і жаночы досвед праз біяграфію сваёй сям'і цягам стагоддзя. Мне такі падыход падабаецца, бо і сам люблю ўплятаць у творчасць біяграфічныя матывы, але ніколі не рабіў гэтага ў больш вялікім канцэптуальным праекце.
Кніга Альгерда - гэта том вершаў, думак, афарызмаў. Нешта новае ў беларускай літаратуры. На жаль, у продажы было толькі 10 асобнікаў і я не паспеў набыць сабе. Трэба будзе абавязкова купіць у Варшаве. З таго, што я пачуў, вельмі важнымі мне падаліся словы аб іерархіі ў палітыцы, літаратуры, дыяспарах ці аб беларускіх неафітах, якія ганарацца містычным ВКЛ, а не ведаюць таго, што адбывалася ў краіне ў 90-х. Сам аўтар казаў, што гэта вельмі шчырая кніга і спадабаецца далёка не ўсяму беларускаму чытальнаму асяроддзю. Можа напішу на яе рэцэнзію, калі атрымаецца пазнаёміцца са зместам. Учора ж я набыў ягоны прыгодніцкі раман "Капітан лятучая рыба".
Яшчэ мне спадабалася агучаная ўчора думка, якая праходзіць праз раман "Сабакі Эўропы" (самы моцны раман Бахарэвіча, чытаўся на адным дыханні). Ейны сэнс (думкі, не кнігі) у тым, што ў людзей праз некалькі дзесяцігоддзяў знікнуць фанатычныя прывязкі да нацыянальных дзяржаў. Мовы і культуры застануцца, але акцэнт будзе пакладзены на гарады і лакальны патрыятызм. Я - гарадзенец, ці я - неапалітанец, ці я - амстэрдамка ігд. Жыхары і жыхаркі вялізных разнастайных вольных еўрапейскіх гарадоў будуць жыць асобна ад "вялікай непадзельнай рускай імперыі". У Альгерда такіх матываў даволі шмат.
Увогуле, даўно ходзіць па галаве думка, каб зрабіць серыю інтэрвью пра анархію, свабоду,
бунт і андэрграунд у сучаснай беларускай літаратуры. Толькі на гэта патрэбны час, сродкі і прадуманы канцэпт. Але ж я не літаратар з багемных салонаў і не крытык з мастацкіх часопісаў, таму ніяк не падбяруся да рэалізацыі гэнай задумкі.
Пры аказіі запытаўся Альгерда, ці знаёмы ён з сучаснай беларускай турэмнай прозай Ігара Аліневіча ці Міколы Дзядка. Ён адказаў, што не вельмі, бо, з аднаго боку, яму як бы балюча чытаць такія кнігі, як эмацыйна так і маральна. З іншага, яму нязручна перад гэтымі людзьмі. Я зразумеў гэта як унутраную шчырую грамадзянскую пазіцыю вядомага пісьменніка, якому было б цяжка нешта дадаць ў гэты жанр. І не тое, што дадаць, але ён не меў бы словаў, каб размаўляць з кнігамі анархістаў. Хаця думаю, ён бы змог).
Post #86
124