Учора прачытаў навіну, што ў Горадні адкрылі новую "рюмочную" з паэтычнай назвай "Онегин". І я б на такую лухту не звяртаў нават увагі, калі б не факт, што адкрылі яе на месцы "Несцеркі". Гэта ўжо чарговая сімвалічная атака русского мира на еўрапейскую спадчыну нашага шматкультуровага горада. Нядаўна будынак закрытай уладамі Польскай Мацежы Школьнай (якая ў свой час праклала мне шлях на вучобу ў Польшчу) быў перададзены ў валоданне Консульства РФ.
Некалькі гадоў запар гэты першы гарадзенскі веган-бар, дзе можна было пакаштаваць смачныя веганскія прысмакі (ці да часоў "Несцеркі" у горадзе быў фалафель?), адыгрываў ролю асаблівай культурніцкай прасторы. Там ладзіліся канцэрты вельмі разнастайнай музыкі, вечарыны з танцамі, выставы. У бары можна было паіграць у настолькі, паглядзець кіно, прачытаць вершы. І самае важнае - сустрэць сяброў, старых знаёмых, таварышаў.
"Несцерка" мясцілася ў будынку гарадзенскага драмтэатра на маляўнічых склонах на беразе Нёмана, непадалёк гістарычных замкаў, касцёлаў і цэркваў. Месца - казка.
Хаця будынак (мой равеснік), які з'яўляецца адной з візітак горада, быў пабудаваны на месцы старога бернардынскага манастыра, знішчананага савецкай уладай, мне ён заўсёды падабаўся. І на спекталі я заўсёды хадзіў з задавальненнем. Я ведаю, што для некаторых ён з'яўляецца антысімвалам горада. Шкада манастыра, але наш тэатр выдатны помнік позняга савецкага мадэрнізму. Адзін з лепшых на ўсёй постсавецкай прасторы і Усходняй Еўропе.
Улетку ўсе мерапрыемствы, якія адбываліся ва ўтульным веган-бары, непазбежна расшыраліся на тэрыторыю каля тэатра. Так бы мовіць, мела месца нефармальная акупацыя прытэатральных тэрыторый.
У Горадні ў тыя часы я бываў наездамі, але заўсёды знаходзіў час на "Несцерку". І на праніклівыя размовы пад каньячок, і на блазнерскія тусоўкі пад вогненную ваду. Ды і прыймалі мяне там душэўна 😉 Мне давялося пабываць на крутых імпрэзах і адчуць вельмі прыемныя хвілі. Сустрэць людзей, якіх не бачыў дзесяцігоддзямі, завесці новыя цудоўныя знаёмствы. У тым ліку там я сустрэў дзяўчыну, з каторай меў прыгоду падчас асабістага крызісу 2018 г., калі ўрэшце зразумеў архітэктуру сваёй душы. Там я слухаў споведзь за грахі маладосці іншай дзяўчыны, з якой трошкі фліртаваў у 18 гадоў. Там я прычапіўся да асобы з цішоткай Чэгевары, пытаючыся, ці яна ведае, хто гэта і якія ў яго былі погляды. Аднойчы за барам я размаўляў па-беларуску з кімсьці з калектыву (Ронікам ці Дзімам Масалём), а нейкі маладзён замаўляў сабе фалафель. І ён такі: "А вы заўсёды па-беларуску размаўляеце?" Я кажу: "А што дзіўнага, што ў Беларусі па-беларуску гутараць?" Ён такі: "Дзякуй, паважаю, класна!" І прыемна здзіўлены паціснуў мне руку.
"Несцерка" мела свой непаўторны гарадзенскі вайб, які стваралі людзі. І менавіта яны - галоўная каштоўнасць. Гэта было "сваё" месца ў сэрцы Горадні. Хлопцы і дзяўчаты, якія прыдумалі і пабудавалі яго - прадстаўнікі і прадстаўніцы мясцовай анарха-панк сцэны. Прастора ў тэатры была яе натуральным працягам, адпавядаючы духу часу. А яе крыніцамі - КБМўскія гаражы, лецішча Хамяка, падворак за 1 школай...
Не мне падрабязна распавядаць пра "Несцерку". Калектыў можа пра гэта столькі інфы накідаць, што хопіць на сцэнар для серыяла. Таксама не хачу занадта ідэалізаваць гэную прастору, бо, як і ва ўсім, былі, канешне і цёмныя бакі. Гаворка нават не пра мусароў і чэкістаў, якія пільна прыглядаліся месцу. Не пра гарадскіх чынушаў, які прыдумлялі праблемы на роўным месцы. Гэта пра людзей, якіх трошкі прайшло праз "Несцерку". Не буду называць імёнаў, але ў познія часы існавання бару адна з асоб калектыву накатала заяву мянтам на іншую асобу. Для мяне гэта недапушчальна. Гэта хутчэй вынятак і "Несцерка", фунцкыянуючы на умовах кааператыву, заўсёды была бліжэй да нашых ідэалаў. Проста людзі горшыя чым ідэі, да якіх апелююць. Але гэта мае суб'ектыўнае меркаванне і не мяняе цёплых успамінаў аб цудоўным месцы і часах яе баявой славутасці.
Post #83
111
- ❤ 7
- 👍 3
- 😱 1