Лета - пара адпачынку або прынамсі час, каб трошкі перавесці дух, успомніць школьныя канікулы, наладавацца сонейкам.
У дзяцінстве мы ніколі сям'ёй адмыслова не ездзілі "на юга". Часам з сястрой бывалі ў летніх лагерах, але пераважна праводзілі лета на вёсцы на Шчучыншчыне ці ў бабулі ў Берасці (ў прыватным доме).
Пра мора я ведаў з кіно. У маіх бацькоў было шмат відэакасет. Адна з іх з фільмам "Прыватны курорт" (1985 г.), дзе можна пабачыць пачынаючага Джоні Дэпа. У вольным бацькоўскім перакладзе VHS была падпісана як "Гостиница в курорте". Мне, 7-8 гадоваму хлопчыку, камедыя, у адрозненні ад кінакрытыкаў, вельмі падабалася (Маямі, трошачкі эротыкі, прыгоды). Пазней курорты ў мяне асацыяваліся менавіта з гэтым фільмам.
Апошнія гады я даволі мала гляджу серыялаў, але нядаўна сястра параіла паглядзець "Белы Лотас". На сон. Не сказаў бы, што фільмам я захапіўся, але другі сезон, з выдатнай музычнай застаўкай і сюжэтам пра пачуцці і адносіны ў парах і паміж парамі, мяне зачапіў. Там я пабачыў сябе, змагаючагася з унутранымі смокамі расхістанага кахання. Творцы глыбока калупнулі. Пры гэтым засталося месца для думак і асабістай інтэрпрэтацыі, бо сцэнар недагаварыў некаторыя ключавыя моманты.
Магчыма, што на ўзроўні падсвядомасці гэты серыял неяк мяне трыгернуў. Бо з'явілася прага паехаць падалей ад дрэнных навін, штодзённай палітычнай завірухі, бясконцай працы і ліпеньскай непагадзі цэнтральнай Еўропы. Ляжаць тыдзень на пляжы ці каля басейна для мяне было б пераборам. Мы з маёй спадарожніцай жыцця больш па актыўнаму турызму. Але жыццё кароткае і, каб не патануць у манатоннасці актывісцкай і прафесійнай дрыгвы і не выгарэць, вырашалі сумясціць прыемнае з карысным. Карацей, знайшлі last minut all inclusive. Я падумаў, урэшце даведаюся, што гэта за звер такі. Столькі чуў, але самому ніколі не давадзілася бываць у такіх адпачынках. І вось я прадаў нырку (хэх, мая таварышка кажа, што з такім паслуговым спісам панка, як у мяне, мае ныркі ніхто ніколі не купіць), і мы патрапілі "ў гасцініцу на курорце", амаль як у фільме з дзяцінства. Толькі на востраў Геліяса. Адмывацца ад паўсядзённасці турбот.
Досвед цікавы - паглядзець на розных адпачываючых і ўсю сістэму гатэльную, але нічога надзвычайнага. Галоўнае ва ўсёй паездцы тое, што дачка была на сёмым небе. І тое, што яна авалодала плаваннем і ўрэшце пачала плаваць самастойна. Ганаруся ❤️
Post #79
117
- 👍 7
- ❤ 5