Усё жывое мае нейкія натуральныя ахоўныя абалонкі. Перш за ўсё гэта нешта матэрыяльнае, якое абараняе нас ад уздзеяння навакольнага свету. Напрыклад, скура ці панцыр. Але гэта могуць быць і штучныя формы, як будынак цi вопратка. Чалавек такая істота, што апроч матэрыяльнага любіць бараніцца працэсамі, у тым ліку псіхалагічнымі. Адзін з іх - хлусня. Выкарыстоўваць падман для сваёй аховы вельмі лёгка. Мы робім гэта рэгулярна.
Для мяне адной з найбольш цэнных якасцей чалавека з'яўляецца шчырасць. Яна фундамент сяброўства і кахання. Яна крыніца здаровых адносінаў уграмадстве. Шчырасць - антытэзіс палітыкі, таму я ніколі не паверу тым і ў тых, хто ёй займаецца. Шчырасць заўсёды адкрытая, даступная. Хлусня наадварот як шчыт, абараняючы ад рэчаіснасці. Гэта кволая ўцечка ва ўяўны свет, спрахнелы.
Пакуль ва ўсіх сферах жыцця нормай будзе заставацца крывадушнасць, парламенцкая дэмакратыя на павадку капіталізму яшчэ доўга будзе асновай грамадскіх і міжнародных стасункаў. З гісторыі, а таксама з назірання за сённяшнімі палітычнымі працэсамі, не складана зрабіць выснову, што фашызм (ва ўсіх сваіх выраджэнскіх праявах) нікуды не знік. Ён вельмі хутка можа вылупіцца з сучасных "цывілізаваных" дэмакратый. Шчырасць не лекарства ад усіх хвароб сучаснасці, але яна неабходны нам як чыстае паветра.
Я перакананы, што сёння нам не хапае шчырасці. Нават не кажучы пра "вярхі", але пра звычайныя адносіны ў сямейным, сяброўскім, актывісцкім асяроддзях. Канешне ж, я ведаю, што яна можа раніць і быць балючай. Ох, колькі разоў сам крыўдзіў людзей сваімі прамалінейнымі словамі... Прызнаю. Але без шчырасці няма руху наперад, няма тварэння. І гэта не маралізатарства, а проста адна з думак, якую я захаваў з дзяцінства. Калі дрэвы былі вялікімі, учынкі сапраўднымі, а мары сумленнымі.
Post #53
106
- 👍 4
- ❤ 1