Пахі вельмі моцна ўплываюць на ўспрыманне навакольнага свету. Выклікаюць прыемныя ўспаміны, малююць у свядомасці моцныя вобразы. Такіх пахаў з дзяцінства і юнацтва безліч. Для мяне гэта і пах свежага хлеба ў Берасці, бо бабуля жыля каля хлебазавода. Гэта і святочная ялінка у бацькоўскім доме. Гэта таксама і пах сена на вёсцы ў дзеда. Гэта і водар лайма, які асацыюецца з ЗША, дзе я пакаштаваў яго першы раз у жыцці. І, канешне, пах бэзу, які з'яўляецца для мяне адным з сімвалаў траўня.
У 2010 г. на пад Смаленскам разбіўся самалёт, пераважна з польскай палітычнай элітай, якая ляцела у катыньскі мемарыял на 70 ўгодкі трагедыі. Адная з найбольш трагічных падзей у гісторыі сучаснай Польшчы. Усе даведаліся аб гэтым зранку ў нядзелю. Памятаю, што тады сябар выслаў смс: "Анархія. Захоплівайце ўладу". Канешне, уладу пераняла канкуруючая партыя і анархіі не атрымалася.
Тады яшчэ ў горадзе, дзе я жыў, функцыянаваў сквот С-10. Акурат на 10 красавіка там былі запланаваны акустычны канцэрт, роварная майстэрня, сацыяльная кухня... Усе гэта адбылося незалежна ад усекраёвай жалобы. У Польшчы ёсць такая традыцыя вывешваць на будынках ВНУ чорныя сцягі, калі памірае нехта з работнікаў дадзенай установы ці нейкая заслужаная асоба. 10 красавіка 2010 г. чорныя сцягі ахуталі ўсю краіну. Забаўна было бачыць, што ў нашым горадзе найвялікшы чорны сцяг вісеў менавіта на сквоце.
Калі ў грамадстве пачаліся спрэчкі дзе хаваць прэзідэнтскую пару, у Кракаве адбыліся колькідзённыя хваляванні. Пратэстуючыя выступалі супраць таго, каб яе хавалі на Вавэлі. Па іх меркаванні, Качыньскія не вартыя гэтага месца. Хаця ў каралеўскім замку пахаваныя не толькі каралі, але і Тадэвуш Касцюшка, і Юзаф Пілсудскі.
Нам, мясцовым анархістам, было ўсё роўна, дзе іх пахаваюць. Але нам было цікава пайсці і паглядзець на гэтыя пратэсты і контрманіфестацыі. Калі мы прыйшлі ў эпіцэнтр, жарсці накаляліся. І да нас падыйшла здымачная група каталіцкага тэлебачання "Trwam" з пытаннем, на якім мы баку? Ні на чыім. Ну я і даў ім невялікае інтэрвью, можа яно нават недзе і захавалася ў сеціве. Кажу, заўтра гэтыя людзі будуць сядзець за адным сталом, гэта штучныя падзелы. І падкрэсліў, што ў Польшчы ёсць мільён сапраўдных сацыяльных праблем, якія трэба вырашаць. А гэтыя супрацьстаянні на тэму пахаванняў пустое і не мае сэнсу. Таварышы доўга смяяліся, таму што журналіст, станоўча ківаючы галавой, паціснуў мне руку і шчыра падзякваў.
А ў траўні пачалася паводка. Увесь месяц ліў дождж. Падаецца, што цягам цэлага месяца дажджу не было літаральна некалькі дзён. Усё затапіла. Стыхійнае бедства ператварыла горад у вобраз з фільмаў пра катастрофы. Паўсюль вайсковыя, эвакуацыі, мяхі з пяском... Вісла паднялася на некалькі метраў і пагражала нават разбурыць некаторыя масты. Шкада было жывёл, бо затапіла прытулкі. Улады горада прасілі аб дапамозе, каб выратаваць чатырохногіх сяброў.
Карацей, дзіўная вясна была. Першы раз у жыцці не пачуў паху бэзу. І травень аказаўся быццам скрадзены.
Post #49
124
- 👍 5
- ⚡ 1