Год заканчваецца вельмі дзіўна. Мітусні ў снежні было больш, чым звычайна. І дрэнных навін таксама. Асабліва бянтэжыла і адціскалася на думках чорнай плямай чарада навін аб смерцях людзей вядомых і невядомых, блізкіх і далёкіх.
Беларускую медыяпрастору ўзрушыла інфармацыя аб смерці вядомага блогера Мікіты Мелказёрава. Я не быў з ім знаёмы, але сачыў за дзейнасцю. Не буду распісвацца, скажу толькі, што гэта выдатны прыклад таго, як можна паступова, але даволі хутка расці і як прафесіанал (праца), і як грамадзянін (у сэнсе свядомасці і адказнасці за тое, што завецца res publica). 37 гадоў гэта вельмі мала, каб сыходзіць у бездань. Але 37 гадоў гэта даволі шмат, каб на заўсёды застацца ў гісторыі. У Мікіты гэта атрымалася. Нечаканасць - квіток у пантэон сучасных беларускіх культурніцкіх дзеячоў.
Тыдзень таму памёр мой дзядзя. Малодшы брат бацькі, 63 гады. Ягонае жыццё таксама абарваліся раптоўна - банальна адарваўся тромб. У мяне не было блізкіх адносін з ім, бо бацькі нашыя не вельмі ладзілі. Сваю дваюродную сястру я не ведаю, апрача яе імя, бачыўся толькі ў дзяцінстве з ёй. Дзядзя мог зрабіць кар'еру ў аграрным універы, падаваў надзеі маладога амбіцыйнага ветэрынара, але меў слабасць - любіў выпіць. Хутчэй за ўсё гэта і дапамагло яму сысці з гэтага свету. Але яго я добра памятаю, бо ў дзяцінстве і юнацтве і святы адзначалі разам, і на вёсцы працавалі. Бацька так з ім і не паладзіў. І ўжо не зробіць гэтага. Вось так заўсёды, не паспеваем памярыцца, выбачыць, развітацца...
Днямі таксама памёр вядомы музыка Крыс Ры. Я не быў фанатам, але цаніў ягоную творчасць, некалькі песень нават падабаліся. Яму было 74 гады і ён хварэў. Узрост таксама не вельмі адпаведны для сыходу з гэтага свету.
Чаму я згадваю аб ім? Таму што на Каляды заўсёды па радыё круцяць ягоную песню "Driving Home for Christmas". Сімвалічна ён адышоў на той свет як раз па дарозе да Раства.
Я хоць і не кіроўца, але раней таксама ўвесь час ездзіў дамоў на Раство, да бацькоў. Зараз яны вымушаныя прыязджаць да нас, пакутуючы ў бусах і цягніках, губляючы цэнны час жыцця на мяжы. Для мяне Каляды - гэта аб сям'і, аб дзяцінстве, аб чаканні цудаў. Ялінкі, цеплыя вечары, святочныя фільмы... усё гэта нагадвае аб бестурботным мінулым. І, канешне, падарункі і Святы Мікалай. Зараз я удзельнічаю ў гэтым перад усім для дачкі. Яна чакае, рыхтуецца да Святаў, якія напаўняюць сэнсам шэрыя зімы без снега і ўвогуле дзяцінства. І ты сам хочаш акунуцца ў атмасферу дабра, адпачынку і гармоніі, прынамсі на некалькі дзён. Каб атрымаць сваю дозу пазітыву дзеля чарговых крокаў па гэтым цярністым жыцці, якое можа абарвацца ў кожным моманце. Я ўжо ў такім узросце, што не чакаю падарункаў, але падчас Калядаў ўвесь час чакаю на цуд. Ува мне жыве дзіцёнак (у вас таксама?), які падтрымлівае тое добрае і светлае, што лёгка губляецца ў дарослым жыцці.
Адзін з такіх цудаў здарыўся. Улетку я пісаў, што ў Юстыны, мамы сябра маёй дачкі з дзяцячага садку, здарыўся моцны інсульт. Тады дактары далі ёй некалькі дзён, так бы мовіць, пахавалі. Праўда, дадалі, што калі яна выжыве, то гэта будзе цуд. І Юстына выжыла. Пазаўчора бачыў яе ў парку пасля 4 месяцаў у шпіталях. Яна малайчына, прага да жыцця, любоў да сына перамаглі смерць. Да поўнага аднаўлення яшчэ доўга, але гэта ўжо драбяза. Скажуць, што гэта медыцына, біялогія і гд. Але для мяне гэта цуд, які дае веру, натхняе, частуе нас дабрынёй.
Навошта я ўсё гэта пішу? Проста хачу чарговы раз паўтарыць, што не гледзячы на ўсё паскудства, якое нас акружае, на войны і рэпрэсіі, капіталізм, ўсе формы прыгнёту ды адсутнасць шчырасці, ёсць нешта добрае і вечнае. Мацнейшае за смерць.
І гэты пазітыў канцэнтруецца падчас навагодніх святаў. То не растрачвайце яго, не грэбуйце. Лепш, па магчымасці, пастаўце на паўзу ўсю мітусню і правядзіце некалькі дзён з сям'ёй і блізкімі вам людзьмі. Прыгадайце тое, што нас аб'ядноўвае, сагравае, узмацняе. І тых, каго няма побач і справу якіх варта працягваць. Усё будзе добра.
З Калядамі! 🎄
Post #381
128
- ❤ 8
- 🎄 3
- ❤🔥 2
- 🥰 1
- 🕊 1