Я ніколі не гнаўся за кар'ерай і грашыма. Ніколі не імкнуўся стаць буржуем. У той самы час я ніколі не думаў, што зарабляць грошы (бюджэтнікі, шалом!) буду навукай. У школе ды ліцэi я лепш за ўсіх у класе ведаў гісторыю, удзельнічаў у алімпіядах. Вельмі любіў перадачу для падлеткаў "Умники и умницы". Так, яе вядучы вядомы вястун імперыі, але сама перадача была захапляльнай (для мяне). Аднак я не планаваў звязваць з гісторыяй сваё жыццё.
У старэйшых класах я хацеў паступаць на журналістыку. Увогуле, я вучыўся ў філалагічным класе. Праз некаторыя дзіўныя абставіны я патрапіў на гістфак. Але і падчас вучобы ва ўніверсітэце я не думаў станавіцца прафесійным гісторыкам. Толькі на апошнім годзе даведаўся пра магчымасць аспірантуры са стыпендыяй ды скарыстаўся гэтай магчымасцю. Пасля абароны дысертацыі трэба было вызначацца, што далей. Працаўладкавацца па прафесіі ў ВНУ даволі цяжка. Дактароў-гумантарыяў (PhD) хапае, а працоўных месц не. Неяк прыпадкова мой прафесар параіў мне падавацца на грант пост-док. І нейкім цудам у мяне атрымалася патрапіць на гэты прэстыжны 2-гадовы грант. Менавіта тады я зразумеў, што гэтая сцежка надоўга. Мо і назаўсёды.
З іншага боку, я ніколі не быў нейкім супер амбіцыйным студэнтам ці дактарантам. Асабліва ў часы дактарантуры я жыў актывізмам. І калі б я ў маладосці прысвячаў больш часу навуцы, сёння б безумоўна хадзіў ў прафесарах. Аднак я аддаваў перавагу сацыяльнай дзейнасці.
Іншы аспект. У мяне заўсёды была дылема, што больш важнае: тэорыя ці практыка? Калі практыка, то якая? Іллегалізм і паўстанчы анархізм ці гарадскі актывізм або, напрыклад, прафсаюзная дзейнасць? Чым я толькі не займаўся ў пошуках свайго месца ў шырокай гаме лібертарных тэорый і практык. Раней я аддаваў перавагу практыцы, але з часам сітуацыя змянілася. Не, практыку я не пакінуў. Проста яна стала якасна іншай.
Думаю, што вельмі цяжка знайсці гармонію паміж сваімі поглядамі і рэчаіснасцю, калі яны ў цябе даволі радыкальныя. Тым не менш, як мне падаецца, я ўрэшце рэшт знайшоў адносны баланс паміж тым, што я хацеў бы рабіць для справы і тым, што я ўмею і раблю лепш за ўсё. Прыярытэты расстаўлены. Але ж так было не заўсёды.
Post #31
122
- 👍 6
- 👏 2
- ❤ 1