Для мяне сённяшняя дата нічога не значыць. Гэта проста дзень з гістарычнага календара. Магу зразумець тых, для каго яна сапраўды мела сэнс. Напрыклад, для людзей, якія прайшлі вайну і жілі ў БССР. Аднак сёння рабіць з гэтага дня нейкі магічны культ (вайны), мякка кажучы, маветон. Мне асабіста ні цёпла, ні халадно ад 3 ліпеня.
Зрэшты, 27 ліпеня таксама не ўваходзіць у пантэон маіх свят. Так, у 90-я гэта была важная дата. Разваліваўся савок, для суверынітэту істотна было пазначыць свае сімвалічныя межы. Але гэтак званая незалежнасць была задушана ў зародку.
Што тычыцца Дня Волі, то і гэтая дата мне, як прыхільніку безуладдзя, не ўяўляецца нейкай вызначальнай у маім жыцці. Безумоўна, 25 сакавіка знамянальная дата для дзяржаўнасці Беларусі і я перакананы, што для вялікай колькасці беларускага грамадства яна важная. І я шаную іх погляд. Як гісторык я таксама пагаджаюся з тым, што ў новай Беларусі яна павінна заняць свае адпаведнае месца ў календары. Гэта будзе выходны дзень, сімвалічна прыгадваючы аб трагічнай гісторыі краіны пад белымі крыламі. Дзень Волі ўжо ўкараніўся ў культуры памяці беларусаў і беларусак. Гэта факт. Аднак гэта не лібертарны сімвал, а дзяржаўны.
І самае галоўнае. Апрача гістарычных дат, які будуюць падмурак свядомасці і прыналежнасці да канцэпту пад назвай Беларусь, нам патрэбныя якасна новыя сімвалы. Намацальныя і гуманістычныя, ад моцы і глыбіні якіх будзе залежаць кірунак развіцця краіны і грамадства.
І я перакананы, што новы Дзень ці нават Дні Волі, Свабоды, Незалежнасці... яшчэ перад намі. Я не ведаю, у якіх абставінах і калі гэта адбудзецца. Усё ж такі хацелася б верыць, што менавіта гэтыя патэнцыяльныя падзеі-змены змогуць не толькі аб'яднаць нас, але і пачаць сапраўды новую старонку беларускай гісторыі.
Без вертыкалей улады, усёмагутнасці капіталізму, імперскага падданства, культа вайны ды сілавікоў. З непадробленным працоўным і тэрытарыяльным самакіраваннем, з як найшырэйшай прамой дэмакратыяй і канфедэрацыйным сацыяльным ладам. І, натуральна, з выпрацаванымі механізмамі, якія будуць прадухіляць не толькі аўтарытарныя тэндэнцыі, але і развіццё любых іерархічных і антыгуманістычных схільнасцяў ды намераў.
Post #22
140
- 👍 8
- ❤🔥 1