Беларускую Раду культуры на Форуме прадстаўлялі кіраўнік Сяргей Будкін і намесніца кіраўніка Надзея Гарэцкая.
Прадстаўнікі 26 арганізацый падвялі вынікі апошняга паўгоддзя, абмеркавалі штодзённыя рэаліі працы культурніцкага сектара: каманды і ўнутраныя працэсы, планы, выклікі і прафесійную салідарнасць, а таксама адказнасць культурніцкага сектара ў кантэксце расійскай вайны супраць Украіны.
Таксама ўдзельнікам прэзентавалі канцэпцыю «Люблін — Еўрапейская сталіца культуры 2029». Асабліва важна, што ў будучай праграме прадугледжваецца асобная прастора для прысутнасці, голасу і культурнага ўдзелу беларускай супольнасці. Таму часткай сустрэчы стаў нетворкінг з культурніцкімі арганізацыямі Любліна і размова пра магчымыя супольныя праекты.
«Мы з калегамі з Беларускай Рады культуры цешымся, што новаствораная інфраструктура незалежнай культуры працягвае жыць і развівацца. Арганізацыі ўзаемадзейнічаюць, наладжваюць сувязі і разам шукаюць рашэнні для агульных выклікаў. І Форум стаў прынцыпова важнай кропкай. Бо ён з'яўляецца найперш бяспечнай прасторай для шчырых размоў. Тут можна параіцца, паспрачацца, адкрыта падзяліцца і поспехамі, і няўдачамі, а часам проста пачуць у адказ: ”у нас тое самае”. І гэта, бадай, самае каштоўнае»
– кажа Надзея Гарэцкая.
Форум культурніцкіх арганізацый быў створаны з ініцыятывы Беларускай Рады культуры ў 2024 годзе. Наступная сустрэча ўдзельнікаў Форуму адбудзецца праз паўгода ў Вільні.
Далучыцца да мерапрыемства можна, запоўніўшы адпаведную форму.
