TGViewer
мурашка мурашка @murashkareading · 155 subscribers
Post #385 245
Дэвід Фостэр Уолес - Бясконцы жарт (1996)

Люблю мінучыя абсэсіі, якімі можна вымяраць час: гэта быў год Пруста, гэта быў год The Strokes, гэта быў год Жанчыны, год Падгузнікаў для Дарослых “Дэпэнд”. 2026 — год Дэвіда Фостэра Уолеса ў маім дзённіку. 

У недалёкай будучыні Амерыка+Канада+Мексіка ўтвараюць саюз, гады спансіруюцца гіганцкімі карпарацыямі (эра пачынаецца з Года Вопера), а таксічныя адкіды праядаюць мяжу былых Штатаў і Канады. Але праблемай становіцца не гэта, а загадкавы фільм “Бясконцы жарт”, які настолькі забаўляльна-гіпнатычны, што людзі не могуць адарвацца ад экранаў і дэградуюць да ўзроўня матыля. Пошукі майстар-копіі фільма, якую можна распаўсюджваць, завіхаюцца вакол Энфілдскай тэніснай акадэміі і рэабілітацыйнага пансіянату пансіянатнага тыпу¹ для алкаголікаў і наркаманаў Эннэт-Хаўса.
¹ так у арыгіналe

Заўжды рупліва рыхтавацца (але не заўжды рабіць тое, да чаго рыхтавалася) ў мяне ў крыві. Для БЖ я вырашыла, што трэба пазанімацца тэнісам (амаль два гады), а то нешта без тэніса не пайшло чытанне².
² натхнёна серыялам “Рэпетыцыя” (cезон 2: Нэйтан Філдэр і яго курсы пілотаў), дадзены эга-трып не з’яўляецца парадай або абавязковай умовай чытання.

Я Ідэнтыфікавалася так часта, што гэта трохі пужала, мне было смешна³ і неахопна сумна, але ніколі не нудна. БЖ правёў мяне ў падарожжах па кары мозгу вялікай колькасці людзей (думаю, што прайшлася і па Уолесаўскай, што падарунак само па сабе), а я брала БЖ у свае падарожжы, як таго гнома з Амелі.
³ але як з таго сябра, які жартуе смяшней за ўсіх, але ўжо дэдінсайд.

Памер і слава інтэлектуальнай іконы⁴ могуць пужаць, але ўсе сэнсы і глыбіні запакаваныя ў спакусліва-бліскучую фальгу, у якой найсмачнейшая цукерка, якую ела б і ела, каб не пагроза карыесу.
⁴ шкада, што кніга ку́льтавая ў спецыфічнай групай белых адукаваных фанабэрыстых “літаратурных брацішак”, што адной асацыяцыяй адбівае ахвоту на чытанне, а хочацца дэмакратызацыі чытання БЖ.

Цяжкасці: 
⏺️паўсюль з сабою дадатковы ўцяжарвальнік +1.5 кг (пабочныя эфекты: знаёмыя дзівакавата паглядваюць на прамавугольна нацягнутую торбу, плячо трохі хіліцца ў бок дадатковай вагі, імітуючы тэнісны перакос ад магутнага форхэнда)
⏺️у тэлефоне з’яўляецца нечытабельная нататка са слоўнікавымі азначэннямі незразумелых слоў (не магу дачакацца, калі можна будзе называць юных прадстаўнікоў пакалення альфа мужчынскага полу “эфебамі”)
⏺️прыняць тое, што (напэўна) зразумець ўсё не атрымаецца, а атрымаць задавальненне і штосьці сваё - так.
А так усё, няма цяжкасцяў.

Я не магу рэкамендаваць усім хапацца за БЖ (таму што ворагі у мяне дакладна тады з’явяцца). Я толькі хачу сказаць, што калі ў вашым жыцці праз нейкія іншыя каналы з’явіцца жаданне прачытаць яго⁵ — гэта не патрабуе падрыхтоўкі і тэстаў на інтэлект, а наўзамен можна нават атрымаць доктарскую ступень у эмпатыі.
 ⁵ асабліва, калі нешта з гэтага вам цікава: адзінота, кансюмерызм, выбар, дэпрэсія і ментальнае здароўе агулам, футуралогія і грамадства, залежнасці, дасягнененні і іх марнасць, культура забаў, медыя, капіталізм, прафесійны спорт (і тэніс асабліва).

І прабачце гэты непераадольны міметычны парыў з выкарыстаннем зносак. Калі асілілі, будзем лічыць за падрыхтоўку да зносак у БЖ.

#прачытанае
  • ❤ 24
  • ✍ 6
More from @murashkareading
  1. Oct 5, 2026Медлін Кэш — Заблудшыя авечкі (Madeline Cash — Lost Lambs) (2026) Дарэчы, да Дуа Ліпы: пак…
  2. Oct 2, 2026вельмі лоў-эфарт пост па тэме "што чытаюць у Еўропах" люблю нібыта ў замочную шчылінку пад…
  3. Sep 23, 2026⚡️амаль жывы рэпартаж⚡️ Livraria Lello ў Порта — адна з найпрыгажэйшых кніжных крам у свец…
  4. Sep 19, 2026адмінка часова ў Еўропах, таму міні-агляд на навінкі кніжных (ну і што зачапіла позірк): 1…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →