Як ні назаві, па сваёй прававой сутнасці гэта прымусовае пазбаўленне грамадзянства і ніякая юрыдычная гульня словамі гэтага не змяняе.
Ёсць яшчэ адна прынцыповая акалічнасць. Артыкул 10 Канстытуцыі сапраўды прадугледжвае, што набыццё і спыненне грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам. Менавіта за гэтую фразу ўлады могуць паспрабаваць зачапіцца, маўляў, Канстытуцыя дазваляе рэгуляваць спыненне грамадзянства законам, вось мы і ўстанавілі новыя падставы.
Але тут узнікае простае пытанне: ці можа звычайны закон дазволіць тое, што непасрэдна забараняе Канстытуцыя? Адказ відавочны - не можа. Канстытуцыя мае найвышэйшую юрыдычную сілу, закон павінен ёй адпавядаць, а не наадварот. Інакш любы канстытуцыйны запрэт можна было б абысці праз новае азначэнне ў звычайным законе.
Сёння пазбаўленне грамадзянства назвалі стратай, заўтра можна прыдумаць яшчэ нейкі тэрмін, але сутнасць застанецца ранейшай: дзяржава прымусова разрывае прававую сувязь са сваім грамадзянінам.
Асобна хачу звярнуць увагу на тое, каго закранулі гэтыя змены. Гаворка ідзе пра беларусаў, якія знаходзяцца за межамі краіны і асуджаныя за дзеянні, аднесеныя беларускім заканадаўствам да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прычынення цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы. А мы добра ведаем, наколькі шырока сёння ў Беларусі выкарыстоўваюцца такія абвінавачанні. Я сам прайшоў праз палітычна матываванае крымінальнае пераследаванне, адбыў гады пазбаўлення волі, пасля вызвалення быў вымушаны пакінуць Беларусь. А ўжо за мяжой атрымаў новы завочны прысуд - пяць гадоў калоніі. Таму для мяне гэта не абстрактная дыскусія пра тэрміны.
Я ведаю, як працуе сістэма, у якой інтэрв'ю незалежным медыя можа стаць падставай для крымінальнага пераследу, а праваабарончая дзейнасць для абвінавачання ў злачынстве. І цяпер у гэтай сістэмы з'явіўся яшчэ адзін інструмент: магчымасць паставіць пытанне аб грамадзянстве чалавека, які знаходзіцца за мяжой.
Звярніце ўвагу і на іншую супярэчнасць. Чаму месца знаходжання чалавека наогул павінна ўплываць на захаванне ягонага грамадзянства? Адзін беларус знаходзіцца ў Мінску, другі ў Варшаве ці Вільні. Абодва атрымалі грамадзянства па нараджэнні, але закон дазваляе прымяніць такую меру менавіта да таго, хто знаходзіцца за мяжой.
Ці не ператвараецца грамадзянства ў дадатковы сродак ціску на тых, хто пакінуў краіну? Гэтае пытанне патрабуе не палітычнага, а найперш канстытуцыйнага адказу.
Ёсць і міжнароднае права. Артыкул 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека забараняе адвольнае пазбаўленне грамадзянства. Асабліва небяспечная сітуацыя, калі чалавек мае толькі беларускае грамадзянства і яго прымусовае спыненне можа пакінуць чалавека наогул без грамадзянства.
Але нават міжнародныя нормы тут не галоўны аргумент, галоўны аргумент ужо запісаны ў нашай Канстытуцыі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства. Без зорачак, без спасылак на месца жыхарства, без выключэнняў для палітычных апанентаў, без агаворкі пра крымінальны прысуд.
Мая прававая выснова наступная.
Палажэнні артыкула 19 Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», якія дазваляюць прымусова спыняць грамадзянства, атрыманае па нараджэнні, у сувязі з крымінальным асуджэннем, маюць сур'ёзныя прыкметы супярэчнасці артыкулу 10 Канстытуцыі. Іх канстытуцыйнасць павінна быць прадметам незалежнай прававой праверкі, бо нельга звычайным законам адмяніць гарантыю, якую чалавеку дае Канстытуцыя.
І яшчэ. Грамадзянства - гэта не ўзнагарода за лаяльнасць да ўлады, не пасведчанне аб палітычнай добранадзейнасці і не падарунак чыноўніка, які можна забраць за нязгоду. Гэта ўстойлівая прававая сувязь чалавека са сваёй краінай. Я нарадзіўся беларусам, Беларусь мая краіна і ніякі чыноўнік не мае права вырашаць, ці дастаткова я лаяльны, каб заставацца яе грамадзянінам.