На другія ўгодкі беларускай рэвалюцыі 2020 года я напішу набіўшае аскому "мы тады ўсё ж перамаглі".
Не, нам не здалося тады ўзяць уладу. Чаму - хай разьбіраюцца гісторыкі, калі мы гэтую ўладу нарэшце возьмем.
Я браў удзел у дэмакратычным руху пачынаючы зь 2007 года - і блізка пільнаваў палітыку ўжо зь 1998-га. І я ня памятаю аніводных выбараў, калі б я мог шчыра сам сабе сказаць, што так - цяпер на плошчу выйшла бальшыня. Цяпер сацыяльны кантракт зламаны.
Не. На плошчу шторазу выходзіла меншыня - хай нават яна ўсё болела з кожным выхадам. Бальшыні было пофігу. Бальшыня хацела нармальна жыць, бо яшчэ не разгледзелася, што можна нармальна жыць інакш і без лукашызма. Не было яшчэ тады дастатковага роўня дабрабыту, каб дазволіць сабе з'езьдзіць выпіць кавы ля палацу Шонбрун, як пісаў клясык. Бальшыня параўновала сябе з Украінай - і знаходзіла кучу нагодаў сказаць "а ў нас лепей". Ды што там - самі ўкраінцы казалі нам пра парадачак і крэпкава хазяйсьцьвенніка.
У 2015 годзе рэжым, апасаючыся паўтору крымнаша, адпусьціў цуглі і перастаў мяшацца ў непалітычны актывізм - што спрычынілася да неверагоднага практыкаваньня ў самаарганізацыі цягам наступных пяці год. Практыкаваньня, якое скончылася кампаніяй BYcovid, якая фактычна замяніла дзяржаву, што адмаўляла існаваньня віруса.
І галоўнае - да таго чаму бальшыня ўжо наезьдзілася й нагледзелася, бо ровень дабрабыту дазволяў. І калі 16 жніўня, пасьля вестак аб катаваньнях у турмах, на вуліцы выйшлі 3% насельніцтва краіны - ды й яшчэ пад забароненым сымбалем, то стала відавочна, што сацыяльны кантракт рухнуў.
Цыцэрон казаў, што раб марыць не аб свабодзе, а аб праве мець сваіх рабоў. Бандэра казаў, што нічога не спыніць ідэю, час якое настаў. Жнівень 2020 года давёў, што ідэя пранікла ў нас. Можна ўстроіць рэпрэсіі ўзроўня Паўночнай Карэі - ды толькі з агульнапрынятай ідэяй ствалом змагацца немагчыма. You can not shoot the words.
Калі ўстроіць свабодныя выбары ў сёньняшнім Туркменістане, то хутчэй за ўсё атрымаеш сабе чарговага туркменбашы. Але на першых свабодных выбарах беларусы ўжо дакладна абяруць не чарговага лукашонка. І гэта ніякімі рэпрэсіямі не выцерці. Яшчэ ў 2015 годзе ў мяне не было такой перакананасьці.
Нічога не спыніць ідэю, час каторай настаў. Нашая ідэя настала роўна два гады таму.
Post #53
588
- 👍 19
- ❤ 11