ШТО РАБІЦЬ ПАСЬЛЯ АДКЛЮЧЭНЬНЯ АД SWIFT
Сёньня ЭЗ прыняў рашэньне, што тры беларускія банкі (Белаграпрам, Дабрабыт, Банк Разьвіцьця) будуць адключаныя ад сістэмы SWIFT. Што гэта можа азначаць для трымальнікаў картак гэтых банкаў?
Па-першае, што такое SWIFT. Гэта такая своеасаблівая адрасная кніга. Калі казаць проста, то кожны банк мае ўнікальны код, дзякуючы якому грошы, якія вы адпраўляеце, хутка знаходзяць атрымальніка. Мець код swift - гэта як мець дакладны адрас атрымальніка вашых грашэй. Ня мець кода swift - гэта як бы вам сказалі, што Янка жыве ў Чарнігаве, а далей шукайце самі - і вы б шарыліся па ўсіх пад'ездах, грукаючы ва ўсе дзьверы, пакуль не знайшлі б свайго Янку. А пад'ездаў тысячы, а дзьвярэй дзясяткі тысяч, і забаўка тая доўжылася б месяцамі. Ну вы ўразумелі? Зь свіфтам пераказ ідзе дзень. Без - меся ц ці ўвогуле не ідзе.
Якія наступствы адключэньне ад swift нясе для трымальнікаў картак іншых банкаў? Ніякіх - апроч павышанай рызыкі, што наступнымі могуць быць яны. Адпаведна, трэба лічыцца з павышэньнем цэн на паслугі банкаваньня ці пагаршэньнем курсаў абмену пры зьняцьці грашоў ці аплаце паслуг за мяжой.
Якія наступствы гэта нясе для ўладальнікаў картак банкаў, што трапілі пад лом?
- калі вы жывеце ў Беларусі і ўжываеце карткі толькі для аплат унутры краіны, то нічога не зьмянілася. У крамах вы зможаце плаціць, анлайн таксама - на беларускіх сайтах. На замежных сайтах вы нічога больш не купіце, як і не перашлеце грошы на замежны рахунак (на беларускі можаце)
- калі вы не жывеце ў Беларусі й карыстаецеся рахункам толькі каб плаціць камуналку ці дапамагаць бацькам у Беларусі (напрыклад, праз мабільны дадатак) - нічога не зьмянілася, калі ўсе вашыя транзакцыі робяцца на беларускія рахункі
- калі вы не жывеце ў Беларусі й карыстаецеся карткамі для выплат з банкаматаў і аплаты ў крамах - вы не зможаце гэта рабіць. Вашыя карткі за мяжой вартыя прыкладна столькі сама, колькі каштуе плястык, на каторым яны надрукаваныя.
І яшчэ. Адключэньне ад SWIFT не адбываецца літаральна цяпер. Калі вы за мяжой, то маеце як мінімум тыдзень, каб пасьпець зьняць грошы (зь вялікай камісіяй, праўда, бо дакладаецца прэмія за рызыку) ці патраціць іх на пакупкі. Ці перакінуць грошы за мяжу, пакуль яшчэ працуюць міжнародныя пераказы.
Post #30
585