У міжваенным Гродне памяць пра Элізу Ажэшку падтрымлівалі на гарадскім узроўні: яе імем называлі вуліцу, тэатр і грамадскія арганізацыі, у 1926 годзе на доме пісьменніцы адкрылі памятную шыльду, а праз тры гады — помнік. Наступным крокам мела стаць гарадская літаратурная прэмія яе імя.
Упершыню такую прапанову Гарадская рада прыняла 13 снежня 1928 года. Але праект адклалі амаль на паўтара года. Да яго вярнуліся ў 1930-м — у тым ліку пасля таго, як у Вільні ўжо ўручылі ўласную гарадскую літаратурную прэмію. А ў плане культуры Гродна вельмі жадала канкураваць з больш паспяховай Вільняй!
Бюракратычны хаос і фінансавы крызіс
Першапачаткова ў Гродне хацелі раз на тры гады даваць узнагароду 5000 злотых аўтарам, чыя творчасць была звязаная з паўночна-ўсходнімі землямі тагачаснай Польшчы — то бок Гродзеншчынай і Віленшчынай. Аднак пачатак эканамічнага крызісу ўдарыў па гарадскіх фінансах. Рада паспела ператварыць прэмію ў аднаразовую «навуковую», зменшыць яе да 3000 злотых, а потым зноў вярнуць ідэю пастаяннай літаратурнай узнагароды. Першае ўручэнне планавалі ўжо на 1932 год — але яно так і не адбылося.
Чарговы раз да справы вярнуліся толькі ў 1935-м: гарадскія ўлады зноў згадалі пра свае абавязацельствы напярэдадні 25-х угодкаў смерці пісьменніцы. Тады зацвердзілі статут, стварылі камітэт і прызначылі ўручэнне на май 1936 года. Але нават тады арганізатары не ўклаліся ў тэрміны і мусілі тэрмінова змяняць правілы! Акрамя таго, выбухнулі спрэчкі вакол складу журы: Гарадская рада адмовілася ўключыць у камітэт прадстаўніка яўрэйскай суполкі Гродна — друкара Лазара Мейлаховіча, які раней выдаваў кнігу ў гонар Ажэшкі.
Адзіны лаўрэат, 50 хвілін трыумфу і сумны фінал
Урэшце 9 мая 1936 года выбралі першага лаўрэата — 75-гадовага прафесара і былога рэктара Віленскага ўніверсітэта Марыяна Здзяхоўскага, філосафа і літаратуразнаўцу, які асабіста ведаў Ажэшку і перапісваўся з ёй. Урачыстае ўручэнне прэміі адбылося з вялікім спазненнем — 18 чэрвеня 1936 года, калі прафесар праездам спыніўся ў Гродне. Сама цырымонія ў Гарадской радзе доўжылася ўсяго 50 хвілін. Замест святочнага пафасу лаўрэат прамовіў песімістычную прамову, у якой папярэджваў пра небяспеку нацызму, бальшавізму і хвалі антысемітызму.
Гэтае ўручэнне аказалася адзіным. Больш літаратурная прэмія імя Ажэшкі ніколі не прызначалася, а ў 1938 годзе памёр і яе першы лаўрэат прафесар Здзяхоўскі.
Ілюстрацыя: малюнак з часопіса "Światowid" 42/1938 з нагоды смерці прафесара Здзяхоўскага.
🔥 Калі вам падабаецца тое, што мы робім, падтрымайце нашую працу. Кожны данат – гэта новы пост і захаваная гісторыя Гродна!
🫶 ДАНАТ 🫶
📸 Больш фота і цікавых фактаў пра Гродна ў вашай стужцы! Падпішыцеся на наш Instagram
🎥 Падрабязныя дакументальныя відэа-гісторыі глядзіце на YouTube
📌 Маеце Threads? Падпісвайцеся і там!
