Я буду карыстацца і хайпіць любой абсурднай заявай пра Беларусь і беларусаў, нашую гісторыю, або сучаснасць, якая будзе сыходзіць ад вельмі вядомых прадстаўнікоў суседніх краін. І чым рыба будзе тлусцейшай, тым лепш. Не для палемікі з імі (наўрад ці яны даведаюцца пра маё існаванне), а для таго, каб трохі пабурліла паміж намі, унутры нашай супольнасці. Каб мы бачылі, якая прорва нас дзеліць з гэтымі людзьмі, наколькі яны нам чужыя і што мы павінны быць сабой, дбаць пра сябе і фармуляваць свае сэнсы. А тыя спікеры для нас - ніхто, ну, максімум суседзі, якіх мы не выбіралі.
Не словы Парфёнава важныя ў гэты момант, ні любога іншага, хто кажа "Белоруссия" або ўсміхаецца ад словазлучэння "беларуская готыка". Важна як мы рэагуем, што мы адчуваем у гэты момант, што мы хочам бараніць сваё, не дазваляем сабой патураць. У гэты момант мы развіваемся і расцем. Мацуюцца нашыя інтэлектуальныя цягліцы, мы як армія, што загартоўваецца ў баю. Калі ў нас нехта плюне, хай не сумняецца, што атрымае харкача назад. А калі захоча акадэмічную спрэчку, мы дэлегуем на яе свае найлепшыя розумы.
Але і тое, і другое, павінна ўплываць на нас, на тое, што мы чуем пра сябе і як сябе бачым. Важныя не Парфёнаў, Арцемій Лебедзеў ці Аршавін, які падчас візіту ў Беларусь ломіць язык аб нашум мову, а тое, што мы пра сябе даведваемся і што гэта абуджае ў нас. Адзін з маіх guilty pleasure - відосікі расейскіх турыстаў, якія шчыра ўражваюцца таму, што бачаць у Беларусі. І я стараюся пра гэта напісаць, паказаць. Не для таго, каб парадавацца, што нехта пра нас згадаў, а каб на гэтым кантрасце больш беларусаў убачыла сваю ўнікальнасць і непаўторнасць.
І калі нехта будзе казаць, што гэта ад комплексу непаўнавартасці - усміхніцеся гэтым снобам. Так робіць любая нацыя: смакуе тое, што іншыя кажуць пра яе. Толькі сакрэт у тым, што мы з гэтым зробім - будзем надувацца і абражацца, ці пратворым гэта ў паліва і заліем у свой бензабак, каб націснуць напоўніцу педаль газу. Для гэтага трэба выкарыстоўваць любую нагоду. Калі апошняй застанецца чысціня нашых вуліц, то асабіста я буду юзаць і яе.
Post #877
475
- ❤ 32
- 🔥 10
- 👍 2
- 🥰 1