Сабакі прыслухоўваюцца да зычных гукаў у нашых словах
Калі сабакі слухаюць гаворку сваіх уладальнікаў, яны зьвяртаюць больш увагі на зычныя гукі ў словах, а не на галосныя. Гэты фэномэн нагадвае чалавечую схільнасьць, якая адлюстроўваецца ў большасьці моваў сьвету. Вынікі новага дасьледаваньня былі апублікаваныя ў Science.
Каманда вугорскіх навукоўцаў пастанавіла спраўдзіць, як жыцьцё побач з чалавекам у багатым на гаворкі асяродзьдзі ўплывае на працу сабачых мазгоў. Для гэтага ўдзельнічаць у экспэрымэнтах паклікалі 20 дарослых сабак разам са сваімі гаспадарамі. Усім ім давалі паслухаць бесьперапынныя патокі штучных словаў, дзе зычныя і галосныя гукі чаргаваліся безь якіх-небудзь паўзаў і акустычных падказак (пра канец слова). Паралельна з гэтым дасьледнікі вымяралі з дапамогай электраэнцэфалаграмы мазгавую актыўнасьць удзельнікаў.
Навукоўцы арыентаваліся на фэномэн «нэўроннай сынхранізацыі», калі рытм мазгавой актыўнасьці падладжваецца пад гукавы рытм. Чакалася, што калі мазгі аддаюць перавагу зычным гукам, ім будзе прасьцей сачыць за рытмам словаў, калі іхняя структура трымаецца на зычных.
Такім чынам высьветлілася, што ў сабак нэўронны адказ на заканамернасьці, заснаваныя на зычных, быў на 42% мацнейшы, чым на пасьлядоўнасьці галосных. А калі аўтары параўналі гэны паказьнік з рэакцыяй на паток выпадковых гукаў, то ён вырас да 55%.
Падобныя, але крыху іншыя вынікі мелі людзі. У іх рэакцыя на словы са структурай на зычных узрастала на 25%, і на 77%, калі параўноўвалі з выпадковымі гукамі.
На меркаваньне аўтараў, такая схільнасьць у сабак разьвіваецца менавіта праз тое, што яны жывуць сярод людзей і пэрманэнтна чуюць розныя размовы. Агулам гэта можна пры вывучэньні камандаў са сваім гадаванцам.
Post #74
265

- ❤ 12
- 👍 6
- 👏 1
- 🤔 1