Выкарыстаньне прэпаратаў GLP-1 зьвязалі з павышанай рызыкай выпадзеньня валасоў у мужчын
Папулярныя прэпараты для лячэньня дыябэту 2-га тыпу й атлусьценьня могуць павялічыць рызыку страты валасоў. Паводле дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, у мужчын, якія маюць генэтычную схільнасьць да аляпэцыі, прыём аганістаў рэцэптараў GLP-1 дадае 7% да рызыкі страты валосься на галаве. Вынікі апублікаваныя ў Journal of Investigative Dermatology.
Раней выпадзеньне валасоў падчас тэрапіі Ozempic, Wegovy ці Zepbound сьпісвалі на стрэсавую рэакцыю арганізму праз хуткае зьніжэньне вагі, аднак новы аналіз паказаў наяўнасьць наўпроставай біялягічнай сувязі. Аўтары параўналі генэтычныя базы зьвестак і высьветлілі, што варыянты гену GLP1R, якія натуральным чынам павялічваюць колькасьць рэцэптараў да глюкагонападобнага пэптыду-1, значна часьцей сустракаюцца ў кагорце мужчын з андрагеннай аляпэцыяй.
Каб пераканацца ў дакладнасьці, дасьледнікі спраўдзілі і прынялі да ўвагі іншыя чыньнікі аблысеньня, такія як артэрыяльная гіпэртэнзія, інсулінарэзыстэнтнасьць і ўзровень тэстастэрону. Але нават з улікам такіх фактараў дадатковая 7% рызыка, зьвязаная з гіпэрактыўнасьцю сыстэмы GLP-1, заставалася нязьменнай.
Навукоўцы прызнаюць, што мэханізм, празь які рэцэптары GLP-1 прыгнятаюць працэсы ў валасяных фалікулах, яшчэ трэба вывучыць, як і спраўдзіць, ці адбываецца нешта падобнае ў жанчын.
Post #69
409

- 🤷 9
- 🤔 5
- 🏆 2
- 💊 2
- 👍 1