Плястыкавыя бутэлькі ператварылі ў печыва суднага дня
Навукоўцы з ЗША распрацавалі тэхналёгію, якая ператварае плястыкавыя і сельскагаспадарчыя адходы ў ядомыя харчовыя прадукты. Вынікі сваёй працы яны прэзэнтавалі на восеньскай сустрэчы Амэрыканскага хэмічнага таварыства. Сам праект актыўна фінансуецца NASA, таму такая тэхналёгія мае забясьпечыць ежай удзельнікаў будучых далёкіх касьмічных місій, а таксама дапамагчы ў разьвязаньні праблемаў перанаселенасьці й забруджанасьці Зямлі.
У якасьці сыравіны навукоўцы ўзялі кукурузныя адкіды й поліэтылентэрафталят (ПЭТ), зь якога вырабляюцца звычайныя плястыкавыя бутэлькі. З дапамогай аксыдацыйнага гідратэрмальнага растварэньня ў прысутнасьці вады, кіслароду, пад высокім ціскам і тэмпэратурай, вялікія малекулы плястыку распадаюцца на меншыя малекулы. Атрыманае рэчыва потым служыць пажыўным асяродзьдзем для пякарскіх і іншых відаў дрожджаў, якіх генэтычна мадыфікавалі, каб яны маглі сынтэзаваць бялкі, тлушчы і арганічныя кісьлі.
Дзеля стварэньня гатовага прадукту да атрыманай біямассы дадалі абалоніну, крухмал і падсалоджвальнік, пасьля чаго сфармавалі печыва на 3D-друкарцы. Новы ласунак атрымаў назву µBites і, паводле лябараторных аналізаў, ёсьць бясьпечным для спажываньня. Пакуль аўтары чакаюць на афіцыйны дазвол зладзіць паўнавартасную дэгустацыю, але печыва ўжо пакаштавалі некаторыя людзі. Паводле іх, яно мае прыемны водар і тэкстуру звычайнага печыва, і прадукт цалкам можна спажываць у экстрэмальных умовах.
Акрамя асноўных макранутрыентаў, дрожджы таксама навучылі вырабляць і харчовыя дадаткі. Напрыклад, адзін са штамаў ператварае этыленгліколь з ПЭТ у бэта-каратын, а іншы сынтэзуе ванілін з расьліннай біямасы. У будучыні дасьледнікі плянуюць вырошчваць усе складнікі печыва выключна з дапамогай мікраарганізмаў. Таксама яны разьлічваюць, што праз колькі гадоў прадукт стане часткай рацыёну ў зонах стыхійных бедзтваў, на падводных лодках і падчас калянізацыйных місій на Месяц і Марс.
Post #63
458

- 🤯 13
- 👍 12
- 🤔 4
- ❤ 2
- 💩 2
- 😨 2
- 🔥 1
- 🍓 1