Як нашыя мазгі ператвараюць жыцьцё ў сны
Навукоўцы высьветлілі, што нашыя сьненьні – гэта зусім ня выпадковы набор кадраў. Насамрэч характар сноў наўпрост залежыць ад нашага досьведу й асаблівасьцяў асобы. У дасьледаваньні, якое зьявілася ў часопісе Communications Psychology, прааналізавалі больш за 3 700 гісторыяў ад розных людзей у веку ад 18 да 70 гадоў. Праз два тыдні пільных назіраньняў і запісаў у дзёньніках стала зразумела, як менавіта нашая штодзённасьць трансфармуецца ў начныя сюжэты.
Каб апрацаваць такі велізарны масіў інфармацыі, дасьледнікі зьвярнуліся да кампутарных мэтадаў апрацоўкі натуральнай мовы. Гэта дазволіла пабачыць, што мазгі ў сьне не займаюцца простым капіяваньнем падзеяў пражытага дня. Яны дзейнічаюць хутчэй як творца, які бярэ знаёмыя дэкарацыі – нашыя офісы, школы ці лякарні – і перабудоўвае іх у зусім новыя сцэны. Тут зьмешваюцца ўспаміны і зьмяняецца пэрспэктыва, таму сны варта лічыць хутчэй складаным канструктам, чым простым адлюстраваньнем рэальнасьці.
Таксама навукоўцы заўважылі выразную сувязь паміж зьместам сноў і тым, як чалавек думае ў сьвядомым стане. Напрыклад, тыя, хто любіць палунаць у аблоках і часта адцягваецца ад справаў, бачаць больш урыўкавыя і няўстойлівыя сны. У той жа час людзі, якія прывыклі надаваць снам значэньне, апісвалі значна больш насычаныя і жывыя карціны.
Нават глябальныя падзеі, такія як пандэмія COVID-19, пакідаюць свой адбітак, робячы нашыя сны больш эмацыйнымі й поўнымі тэмаў ізаляцыі. Аднак з часам, калі мы адаптуемся пад новыя ўмовы, гэтыя трывожныя матывы паступова слабеюць. У выніку мы бачым, што сон – гэта дынамічны працэс, у якім мазгі па-майстэрску зьмешваюць памяць, уяўленьне і нашыя чаканьні. Выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў такіх праектах дазваляе нам упершыню заўважыць агульныя заканамернасьці ў тысячаў людзей і лепш зразумець, як працуе нашая сьвядомасьць.
Post #11
535

- ❤ 23
- 🤔 2
- 💯 2
- 🍓 2
- 👍 1