З 3 верасня 2026 года ў Польшчы пачала дзейнічаць чарговая частка зменаў у заканадаўстве, якое рэгулюе правілы кіравання транспартнымі сродкамі. Новыя нормы датычацца як вопытных кіроўцаў, так і тых, хто ўпершыню атрымлівае правы катэгорыі B.
ГАЛОЎНАЕ ЗМЯНЕННЕ ДЛЯ ВОПЫТНЫХ КІРОЎЦАЎ
Калі права кіравання было часова затрымана, але чалавек усё роўна сеў за руль у перыяд дзеяння такога рашэння, наступствы цяпер могуць быць значна больш сур'ёзнымі.
У такой сітуацыі права кіравання можа быць цалкам адклікана на 5 гадоў. Пасля заканчэння гэтага перыяду правы не аднаўляюцца аўтаматычна — для іх атрымання давядзецца зноў выканаць неабходныя патрабаванні і здаць дзяржаўны экзамен 🚘. Раней у падобнай сітуацыі тэрмін затрымання правоў мог быць падоўжаны.
ШТО ВАЖНА ВЕДАЦЬ ПАЧАТКОЎЦАМ
Для асоб, якія ўпершыню атрымалі права кіравання катэгорыі B, уводзіцца выпрабавальны тэрмін (okres próbny):
➡️ для асоб, якія атрымалі правы пасля 18 гадоў, — 2 гады;
➡️ для тых, хто атрымаў правы ва ўзросце 17 гадоў, — 3 гады, але не даўжэй чым да дасягнення 20-гадовага ўзросту.
0,0 ПРАМІЛЕ
На працягу ўсяго выпрабавальнага тэрміну для пачаткоўцаў дзейнічае прынцып поўнай цвярозасці — 0,0 праміле алкаголю.
Для астатніх кіроўцаў у Польшчы мяжа стану пасля ўжывання алкаголю пачынаецца з 0,2 праміле.
ШТРАФНЫЯ БАЛЫ
Калі падчас выпрабавальнага тэрміну кіроўца перавысіць 12 штрафных балаў (punkty karne), ён будзе абавязаны прайсці практычнае навучанне па пытаннях небяспекі ў дарожным руху.
Асабліва строгія правілы дзейнічаюць на працягу першага года пасля атрымання правоў: перавышэнне 20 штрафных балаў можа прывесці да поўнага адклікання права кіравання.
За асобныя сур'ёзныя парушэнні правілаў або злачынствы супраць бяспекі дарожнага руху наступствы падчас выпрабавальнага тэрміну таксама будуць значна больш жорсткімі.
ВАЖНА ДЛЯ 17-ГАДОВЫХ КІРОЎЦАЎ
Магчымасць атрымаць права кіравання катэгорыі B з 17 гадоў дзейнічае ў Польшчы ўжо з 3 сакавіка 2026 года.
Да дасягнення 18 гадоў такое права дазваляе кіраваць аўтамабілем толькі на тэрыторыі Польшчы.
Акрамя таго, на працягу першых 6 месяцаў пасля атрымання правоў, але не даўжэй чым да 18-годдзя, малады кіроўца павінен ездзіць у прысутнасці дарослага пасажыра, які знаходзіцца на пярэднім сядзенні.
Такі чалавек павінен:
➡️ мець не менш за 25 гадоў;
➡️ бесперапынна валодаць правамі катэгорыі B не менш за 5 гадоў;
➡️ не мець і на працягу апошніх 5 гадоў не мець забароны на кіраванне транспартнымі сродкамі;
➡️ быць цалкам цвярозым і не знаходзіцца пад уздзеяннем рэчываў, якія дзейнічаюць падобна да алкаголю.
Новыя правілы ўжо дзейнічаюць, таму раім звярнуць на іх увагу ўсім, хто кіруе аўтамабілем у Польшчы або толькі плануе атрымліваць правы.
Post #4987
3.19K

- ❤ 15
- 👍 10
- 👌 1