Адзінота не паскорыла пагаршэньне памяці ў пажылых людзей
Пачуцьцё адзіноты можа ўплываць на памяць у пажылых людзей, але, як паказала маштабнае эўрапейскае дасьледаваньне, не паскарае яе пагаршэньне з часам. Навукоўцы прааналізавалі зьвесткі больш за 10 тысяч чалавек у веку ад 65 да 94 гадоў і назіралі за імі на працягу сямі гадоў. Вынікі, апублікаваныя ў Aging & Mental Health, паказалі, што людзі з высокім узроўнем адзіноты з самага пачатку мелі горшыя вынікі тэставаньня памяці, аднак далей яна зьніжалася ў іх прыкладна з той жа хуткасьцю, што і ў астатніх.
Дасьледаваньне грунтавалася на зьвестках праекту SHARE, які ахоплівае жыхароў 12 краін Эўропы. Памяць ацэньвалі з дапамогай простых тэстаў – напрыклад, людзей прасілі запомніць і паўтарыць сьпіс зь дзесяці слоў адразу й празь некаторы час. Узровень адзіноты вызначалі паводле адказаў на пытаньні пра недахоп зносінаў, адчуваньне ізаляцыі і выключанасьці з сацыяльнага жыцьця. Акрамя гэтага, улічвалі іншыя фактары – стан здароўя, фізычную актыўнасьць, дэпрэсію.
Аказалася, што каля 8% удзельнікаў адчувалі высокі ўзровень адзіноты, і менавіта яны часьцей мелі горшыя паказьнікі памяці на старце. Пры гэтым у цэлым ва ўсіх групах назіралася паступовае зьніжэньне памяці, асабліва прыкметнае паміж трэцім і сёмым годам назіраньняў. Але сам факт адзіноты ня быў зьвязаны з больш хуткім пагаршэньнем.
Аўтары публікацыі адзначаюць, што атрыманыя вынікі не выключаюць уплыў адзіноты на мазгі, але паказваюць больш складаную карціну: яна, імаверна, больш уплывае на зыходны ўзровень кагнітыўных функцый, чым на іх далейшую дынаміку. Таму рэгулярная ацэнка адзіноты можа стаць часткай агульнай праверкі кагнітыўнага здароўя ў пажылых – як адзін з фактараў, які варта ўлічваць пры падтрымцы здаровага старэньня.
Post #2718
751

- 🤔 14
- 👍 8
- ❤ 4
- 🤷♂ 3