Папуляцыі імпэратарскіх пінгвінаў і іншых антарктычных відаў імкліва скарачаюцца праз кліматычныя зьмены
Адразу некалькі важных відаў Антарктыды апынуліся пад пагрозай зьнікненьня. Паводле абноўленага Чырвонага сьпісу Міжнароднага зьвязу аховы прыроды, імпэратарскі пінгвін (Aptenodytes forsteri) і антарктычны марскі кот (Arctocephalus gazella) атрымалі статус «пад пагрозай зьнікненьня», а паўднёвы марскі слон (Mirounga leonina) – «уразьлівы». Асноўнай прычынай навукоўцы называюць кліматычныя зьмены, якія хутка мяняюць умовы існаваньня гэтых відаў.
Асаблівы крытычная сытуацыя ў імпэратарскіх пінгвінаў: за 2009-2018 гады іхняя папуляцыя скарацілася прыкладна на 10%, што складае каля 20 тыс. дарослых асобін, а да 2080-х можа зьменшыцца ўдвая. Праблема ў тым, што птушкі моцна залежаць ад прыбярэжнага лёду, на якім яны выводзяць і гадуюць птушанят. Калі лёд растае заўчасна, цэлыя калёніі могуць абваліцца ў акіян. І калі для дарослых пінгвінаў гэта не крытычна, то птушаняты, якія яшчэ не пасьпелі набыць водаадпорнае апярэньне, хутка тонуць альбо гінуць потым ад холаду. Падобныя катастрофы ўжо зафіксаваныя ў некалькіх рэгіёнах Антарктыды, дзе агулам загінулі тысячы птушанят.
Іншыя віды таксама церпяць ад зьменаў у асяродзьдзі. Папуляцыя антарктычных марскіх катоў з 1999 году скарацілася больш чым удвая (да 944 тысяч дарослых асобін), імаверна празь зьніжэньне колькасьці крылю, які ёсьць асноўная ежай для іх. У сваю чаргу, папуляцыі паўднёвых марскіх сланоў апошнімі гадамі моцна пацярпелі ад успышак птушынага грыпу. У асобных выпадках памерла да 90% дзіцянят.
Навукоўцы адзначаюць, што імпэратарскі пінгвін стаў своеасаблівым індыкатарам кліматычных зьменаў, бо ягоны лёс напрамую залежыць ад лёду, які імкліва зьнікае. Калі пацяпленьне акіянаў і раставаньне лёду прыцягнуцца, згаданыя віды могуць сутыкнуцца зь яшчэ больш рэзкім падзеньнем колькасьці ўжо ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі.
Post #2716
723

- 😢 32
- 😭 14
- 🤬 2
- 💔 2
- 🔥 1
- 🍓 1