Кафэін, ужыты ўначы, можа стаць прычынай імпульсіўных учынкаў
Час спажываньня кафэіну можа мець ня меншае значэньне, чым ягоная доза. Амэрыканскія навукоўцы выявілі, што кафэін, ужыты ўначы, зьніжае здольнасьць да самакантролю й павышае імпульсіўнасьць, тады як дзённае спажываньне кафэіну такога эфэкту не давала.
Экспэрымэнты ладзіліся на пладовых мушках Drosophila melanogaster, якія ёсьць агульнапрынятай мадэльлю ў нэўрабіялягічных дасьледаваньнях, бо іхняя генэтыка й нэрвовая сыстэма маюць важнае падабенства з чалавечымі.
Мушкам давалі кафэін у розных дозах і ў розны час сутак, а потым ацэньвалі імпульсіўнасьць з дапамогай моцнага струменю паветра. У норме, калі на мух нешта дуе, яны спыняюць рух, бо струмень паветра для іх ёсьць непрыемным стымулам. Але ў досьледах дразафілы, якія атрымлівалі кафэін ноччу, пачыналі ігнараваць гэты стымул і працягвалі хаатычна лётаць. Прычым найвыразьней такі эфэкт праяўляўся ў самак, хоць дозы кафэіну былі ва ўсіх аднолькавыя. Аўтары тлумачаць гэта генэтычнымі і фізыялягічнымі фактарамі, бо звыклых для чалавека гармонаў у мушак няма.
А вось пытаньне, чаму менавіта «начны кафэін» прымушаў дразафілак паводзіць сябе рызыкоўна, – пакуль застаецца адкрытым.
Post #2714
835

- 😁 26
- ✍ 12
- 🤔 7
- 😱 3
- 👍 2
- 🏆 2
- 🍓 1