Мэтааналіз пахіснуў эфэктыўнасьць псыхадэлікаў у лячэньні дэпрэсіі
Значная частка станоўчых эфэктаў псыхадэлікаў у лячэньні дэпрэсіі можа тлумачыцца пляцэба-эфэктам. Да такой высновы прыйшлі аўтары мэтааналізу 24 клінічных дасьледаваньняў, апублікаванага ў JAMA Psychiatry.
Галоўная мэтадалягічная праблема клінічных выпрабаваньняў псыхадэлікаў – немагчымасьць асьляпленьня. Зь відавочных прычын, удзельнікі заўсёды ведаюць, ці атрымалі яны актыўны прэпарат. Гэта аўтаматычна ўзмацняе пляцэба-кампанэнт у параўнаньні з традыцыйнымі антыдэпрэсантамі, дзе стратэгіі асьляпленьня добра адпрацаваныя. Каб ураўняць умовы параўнаньня, аўтары абралі для аналізу толькі адкрытыя публікацыі па традыцыйных антыдэпрэсантах, то бок, толькі тыя, дзе ўдзельнікі таксама ведалі, якія прэпараты яны прымаюць. З амаль 600 разгледжаных публікацый у фінальную выбарку трапілі толькі 16 дасьледаваньняў традыцыйных антыдэпрэсантаў (7921 пацыент) і 8 дасьледаваньняў псыхадэлікаў (249 пацыентаў).
У выніку абедзьве групы прэпаратаў паказалі параўнальную эфэктыўнасьць. Традыцыйныя антыдэпрэсанты апярэдзілі псыхадэлікі ўсяго толькі на 0.3 бала па шкале дэпрэсіі Гамільтана. Такая розьніца не дасягае ні статыстычнай, ні клінічнай значнасьці. Для параўнаньня, у дасьледаваньня з кантрольнай групай, якая атрымлівала неактыўнае пляцэба, псыхадэлікі апярэджвалі пляцэба на 7.3 бала, а традыцыйныя антыдэпрэсанты – на 2.4.
Аўтары падкрэсьліваюць, што вынікі, якія яны атрымалі, не абвяргаюць эфэктыўнасьць псыхадэлікаў у лячэньні дэпрэсіі. Вядзецца толькі пра тое, што псыхадэлічныя прэпараты, імаверна, ня лепей за традыцыйныя антыдэпрэсанты.
Post #2705
706

- ✍ 17
- 👍 7
- ❤ 5
- 🤔 3
- 🍓 2
- 🎉 1
- 👌 1