Дзесяць гадоў у глебе. Навукоўцы вывучылі лёс цыгарэтных недакуркаў у прыродзе
Недакуркі ёсьць найбольш распаўсюджаным відам сьмецьця ў сьвеце, аднак іх доўгатэрміновы лёс у навакольным асяродзьдзі да апошняга часу заставаўся недасьледаваным. Цяпер італьянскія навукоўцы запоўнілі гэты прагал, прасачыўшы лёс тысяч недакуркаў на працягу дзесяці гадоў.
Фільтры для цыгарэт вырабляюцца пераважна з ацэтату цэлюлёзы – плястыкавага палімэру, устойлівага да раскладаньня. Аўтары разьмясьцілі недакуркі ў сеткавых ворках на гарадзкіх паверхнях, у пяшчаных і багатых арганікай глебах. Узоры адбіраліся ў некалькі этапаў цягам усяго дзесяцігодзьдзя.
Вынікі аказаліся далёка не аптымістычнымі. Нават пры найспрыяльнейшых умовах, у глебах з высокай мікрабіялягічнай актыўнасьцю, максымальная страта масы складала каля 84%. Гэта значыць, што істотная частка матэрыялу засталася ў глебе. У гарадзкіх умовах недакуркі расклаліся толькі на 52%, пакінуўшы амаль палову фільтра. Мікраарганізмы, хоць і граюць важную ролю ў трансфармацыі матэрыялу, ня здольныя цалкам раскласьці яго.
Аўтары таксама зафіксавалі, што пад уплывам часу і зьнешніх фактараў, ацэтатныя валокны губляюць сваю структуру й пераўтвараюцца ў кампактныя мікраскапічныя сукупнасьці мікраплястыку, рэшткаў мікраарганізмаў і мінэральных часьцінак. Менавіта ў такім выглядзе колішнія недакуркі застаюцца ў глебе і захоўваюць сваю таксычнасьць.
Post #2703
890

- 😢 32
- 😱 10
- ❤ 3
- 🤮 3
- 😨 3
- 💯 2