Спробы рэжыму дамагчыся адмены санкцый супраць БЕЛАЗа і МАЗа праваліліся
Суд Еўрапейскага саюза адхіліў іскі БЕЛАЗа і МАЗа аб адмене санкцый ЕС. Абодва прадпрыемствы таксама абавязаныя аплаціць судовыя выдаткі.
У рашэннях Суд ЕС захаваў санкцыі ў сіле і пацвердзіў аргументы, на падставе якіх яны былі ўведзеныя. У тым ліку гаворка ідзе пра рэпрэсіі супраць работнікаў прадпрыемстваў пасля выбараў 2020 года, фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі, а ў выпадку МАЗа — таксама пра пастаўкі ваенных грузавікоў расійскай арміі, якія выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Украіны.
«Еўрапейскае правасуддзе наўпрост сказала рэжыму: абарона чалавечай годнасці, спыненне рэпрэсій і ўдзелу ў вайне непараўнальна важнейшыя за камерцыйныя інтарэсы дзяржаўных аўтагігантаў. Рашэнні па БЕЛАЗе і МАЗе — гэта поўны крах усёй стратэгіі Лукашэнкі па адмене санкцый», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Суд таксама адхіліў аргументы аб тым, што санкцыі парушаюць свабоду вядзення бізнесу і права ўласнасці, а іх працягласць робіць абмежаванні фактычна бестэрміновымі. У рашэннях падкрэсліваецца, што санкцыі з’яўляюцца часовымі і рэгулярна пераглядаюцца, а іх захаванне звязана з тым, што прычыны для іх увядзення працягваюць існаваць.
У сувязі з рашэннямі Суда ЕС Павел Латушка асобна адзначыў:
«Прапаганда сёння будзе крычаць, што “Еўропа хоча разбурыць нашы флагманы і пазбавіць рабочых прыбытку”. Аде санкцыі ўведзеныя не супраць заводаў і не супраць працоўных. Санкцыі перакрываюць кісларод дыктатару, які ператварыў прадпрыемствы ў ваенныя цэхі і фінансавыя кашалькі для ўтрымання сваёй улады. Як толькі рэжым спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць удзел у ваеннай агрэсіі і пойдзе на дыялог з грамадствам — санкцыі будуць знятыя. Заводы вернуцца на міжнародныя рынкі, атрымаюць тэхналогіі, інвестыцыі і годныя заробкі. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і ўсе дэмакратычныя сілы працягнуць працу ў накірунку права і справядлівасці».
Post #5502
350

- 👍 11
- ❤ 3