На сваім стрыме Сяргей Ціханоўскі распавёў пра дэталі знакамітай сустрэчы ў СІЗА КДБ з Лукашэнкам.
Паводле Ціханоўскага, Лукашэнка казаў, што ягоныя падначаленыя прапанавалі ўкінуць у альтэрнатыўную сістэму «Голас» каля 600 тысяч фальшывых галасоў за дыктатара. Але потым гэтыя галасы нібыта прыбралі з сістэмы:
«Яны за мяне ўкінулі каля 600 тысяч бюлетэняў. І што вы думаеце? Я там таксама перамог».
– пераказаў словы Лукашэнкі Ціханоўскі.
Таксама былы палітвязень узгадаў размову пра 900 тысяч долараў, якія, яму падкінулі падчас крымінальнай справы. На пытанне пра гэтыя грошы Лукашэнка, згодна з Ціханоўскім, адказаў, што палітыка – брудная справа, і трэба было быць да гэтага гатовым:
«Калі вы пайшлі ў палітыку, то павінны быць гатовыя да таго, што вам падкінуць грошы, схопяць і пасадзяць у турму».
Паводле Ціханоўскага, Лукашэнка таксама распавядаў, што хацеў вызваліць яго і разам са Святланай Ціханоўскай выправадзіць з Беларусі.
На аповеды Ціханоўскага падчас стрыму звярнула ўвагу выданне «Зеркало».
