Пачатак палітычнага дыялогу паміж Варшавай і Менскам, сімвалам якога стала сустрэча міністраў замежных справаў у Нью-Ёрку, стаў магчымым дзякуючы канкрэтным крокам беларускага боку па зніжэнні напружанасці. Пра гэта ў інтэрв’ю украінскаму тэлеканалу «Слава» заявіў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Басацкі.
Паводле дыпламата, за апошнія месяцы Менск зрабіў шэраг канкрэтных дзеянняў, якія паменшылі агрэсіўнасць Беларусі ў дачыненні да суседзяў. Сярод асноўных чыннікаў Басацкі адзначыў вызваленне каля 800 палітвязняў і істотнае зніжэнне гібрыднага міграцыйнага ціску на мяжы - да некалькіх працэнтаў ад узроўню мінулых 4–5 гадоў.
Марцін Басацкі сфармуляваў дакладную ўмову Варшавы для далейшага перамоўнага працэсу:
«Мы, безумоўна, хацелі б мець добрыя адносіны з усімі суседзямі, але каб так было, гэтыя суседзі не могуць быць агрэсіўнымі. Думаю, гэта і ёсць адказ на пытанне, якія польскія ўмовы сумленнага дыялогу з Беларуссю: каб з таго боку — пры належнай ацэнцы тых жэстаў і дзеянняў, якія беларускі бок зрабіў за апошнія дзесяць з лішнім месяцаў, — адбылося поўнае спыненне агрэсіўных жэстаў з боку Беларусі».
Дыпламат дадаў, што Польшча памятае пра сотні палітвязняў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў турмах, і пакуль устрымліваецца ад ацэнак, ці стане сустрэча ў Нью-Ёрку паўнавартасным пераломам ва ўзаемаадносінах, ці застанецца адзінкавым жэстам.
