TGViewer
Channel Public Channel
bellitinfo

bellitinfo

@bellitinfo

Усё пра беларускую літаратуру
https://bellit.info

Сувязь з рэдакцыяй: bellit.info@gmail.com
Subscribers
673
Photos
2.9K
Videos
7
Links
2.5K

Showing posts older than #3003 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #3002 315
Выйшлі тры новыя выпускі падкастаў пра літаратуру:

✔️ 173-ці выпуск падкаста "Белліт"

У ім філалагіня і перакладчыца Наста Карнацкая расказвае пра тое, якія беларускія прэміі абвясцілі кароткія спісы, кнігі якіх беларускіх аўтараў выйшлі на замежных мовах, якія літаратурныя мерапрыемствы чакаюць восенню, супраць чаго бунтуюць польскія пісьменнікі і чым занепакоеныя аўстралійскія букіністы.

Слухаць 👈

✔️ 20-ты выпуск падкаста "Кніжныя размовы"

У ім аўтарка падкаста Кацярына расказвае пра брытанскую валанцёрскую інцыятыву EmpathyLab, пра якую яна даведалася дзякуючы падкасту пра дзіцячае і падлеткавае чытанне Mostly Book Talk.

Слухаць 👈

✔️ 8-мы выпуск інклюзіўнага праекта музея Максіма Багдановіча.

У ім загадчык музея Міхась Бараноўскі расказвае пра зборнік вершаў "Зеленя": каму быў падораны гэты невялічкі сшытак, напісаны почыркам самаго Максіма, як ён патрапіў у музей і навошта паэт пераклаў свае вершы на рускую мову.

Слухаць 👈
  • ❤ 7
  • 🔥 2
Post #3001 303
📒 26 верасня: літаратурна-музычны фестываль "Восень у Завоссі".

Завоссе — асаблівае месца на літаратурнай мапе Беларусі. Менавіта тут, у родавым маёнтку Міцкевічаў, нарадзіўся Адам Міцкевіч — адзін з найбуйнейшых паэтаў беларускай, польскай і сусветнай літаратуры.
 
У праграме:
🍁экскурсіі па музейнай сядзібе;
🍁канцэртная праграма;
🍁сустрэчы з літаратарамі і лекцыі;
🍁майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі;
🍁квэсты і гульні;
🍁рамесніцкі кірмаш;
🍁фотазоны і кропкі харчавання.
 
Уваход на фестываль вольны.
 
🚌Для тых, хто хоча далучыцца да свята з Мінска, музей арганізуе трансфер Мінск–Завоссе–Мінск. Кошт праезду – 50 руб. Неабходны папярэдні запіс і аплата: +375 (17) 363 56 21).

Квіткі на трансфер можна набыць у касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.

⏰ Час фэсту: 12:00-16:00
📍
Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” (Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в. Завоссе).
  • ❤ 7
Post #3000 336
🙏 Пісьменніцу Святлану Курс пахавалі на радзіме ў Любанскім раёне.

Яе магіла знаходзіцца побач з бабуляй, якая стала правобразам гераіні яе аповесці «Па што ідзеш, воўча?».

Святлана Курс (псеўданім Ева Вежнавец) — выбітная пісьменніца, памерла 19 ліпеня 2026 года ў Варшаве ад анкалагічнага захворвання. Свой апошні спачын знайшла на малой радзіме, у Любанскім раёне Мінскай вобласці, на могілках каля вёскі Баянічы.
  • 💔 28
  • ❤ 8
Post #2999 376
💜 15 кастрычніка выйдзе новы раман Югасі Каляды — адкрыты перадзаказ.

Выдавецтва “Пфляўмбаўм” анансавала выхад новага рамана Югасі Каляды “Вандроўка ліфтам”, у якім дзеянне адбываецца адначасова ў Менску дзевяностых, нулявых, у дваццатым годзе — і ў тым дзіўным месцы, дзе ўжо няма ніякага часу.

Падрабязней ⬅️
  • ❤ 10
  • 🔥 3
  • 👍 1
Post #2998 348
📘 26 верасня ў Варшаве: прэзентацыя кнігі Валерыі Ваўкагонавай.

Паэтка і выпускніца Школы маладога пісьменніка Валерыя Ваўкагонава нядаўна выдала свой першы зборнік вершаў з назвай “Гимнастика для глаз”, у які ўвайшлі тэксты напісаныя з 2011 па 2026 год.

На прэзентацыі аўтарка пачытае вершы і раскажа пра шлях выдання кнігі.

⏰ Пачатак а 19:00.
📍 Sonore Music studio (Pańska 96/2. piętro, lokal 63)
  • ❤ 11
  • 🔥 3
Post #2997 320
📚 28 верасня ва Уроцлаве: дыскусія «Хто (не) баіцца літаратуры суседзяў?».

Ці існуе літаратура Цэнтральнай Еўропы і якое месца займаюць у ёй нашыя літаратуры? Ці добра мы, беларусы і палякі (а таксама ўкраінцы і літоўцы), ведаем літаратуру адно аднаго? Ці змяніліся ў Польшчы адносіны да беларускай літаратуры ў 2020-м і ў 2022-м годзе? Каго сёння цікавяць пераклады польскай і беларускай класікі?

Пра гэта і не толькі паразмаўляюць удзельнікі дыскусіі: Валянціна Андрэева (Gutenberg, Кракаў), Лаўрынас Вайчунас (KEW, Уроцлаў) і Аляксандра Зінчук (Warsztaty Kultury, Люблін). Мадэратар Андрэй Хадановіч.

📖 Пераклад Жанна Нагіна.

⏰ Пачатак а 18.00.
📍 Proza, Przejście Garncarskie 2.
  • ❤ 8
Post #2996 363
📖 1 кастрычніка ў Вільні: лекцыя Аляксандра Фядуты пра філаматаў.

1 кастрычніка, у чацвер адбудзецца лекцыя літаратуразнаўцы і палітзняволенага Аляксандра Фядуты на тэму “Імперыя супраць моладзі. Гісторыя віленскіх філаматаў”.

Аляксандр Фядута (Dr. Hab.) — літаратуразнаўца, палітычны аналітык, гісторык грамадска-культурнага жыцця ў ХІХ стагоддзі. Аўтар дакументальнай аповесці пра Францішка Малеўскага «Філамат у Імперыі», кнігі пра атачэнне Адама Міцкевіча «Сляды на снезе», зборнікаў навуковых прац пра польска-беларуска-расейскія літаратурныя сувязі «Сюжэты і каментарыі» і «Лісты мінулага часу».


🕖 18.30 (час мясцовы).
📍 Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20)

Мерапрыемства ладзіцца ў межах праграмы “ArtPower Belarus” у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Уваход вольны.

Падрабязней 👈
  • ❤ 4
  • 🔥 3
Post #2995 346
📖 26 верасня: прэзентацыя кнігі "У вас такі мілы акцэнт" Кацярына Оаро ў Лондане.

Гэтая кніга пра тое, як беларуска жыве ў розных краінах, сутыкаецца з іншымі менталітэтамі, вучыцца новай мове і новым правілам жыцця — і расце праз гэта.

Пазнавальныя сітуацыі, нечаканыя сюжэтныя павароты, гумар і нават візуальны сторытэлінг — кніга пра эміграцыю, у якой хочацца не толькі чытаць, але і пазнаваць сябе.

🕒 Пачатак а 15:00.
📍 Francis Skaryna Belarusian Library, 37 Holden Road, Woodside Park, London N12 8HS

Уваход вольны.
  • ❤ 9
Post #2994 1.74K
🏆 У галасаванні за прыз чытацкіх сімпатый прэміі Angelus можна прагаласаваць за беларускую кнігу.

Сёлета ў шорт-ліст Літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы “Angelus” прайшла кніга Уладзіміра Арлова "Танцы над горадам". За яе можна аддаць свой голас у чытацкім галасаванні прэміі.

✍️ Аўтар, які атрымае найбольшую колькасць галасоў, будзе запрошаны ва Уроцлаў на літаратурную рэзідэнцыю.

Вынікі галасавання, якое будзе доўжыцца да канца пятніцы, 16 кастрычніка, будуць абвешчаныя ў суботу, 17 кастрычніка, падчас цырымоніі ўручэння прэміі Angelus.

Літаратурная прэмія Цэнтральнай Еўропы “Angelus” — узнагарода, якая выдаецца з 2006 году за найлепшую кнігу прозы, апублікаваную па-польску.


Галасаваць можна тут ⬅️
  • ❤ 7
  • 🔥 3
Post #2993 329
📙Аляксей Дзікавіцкі прэзентуе новы раман у Варшаве, Любліне і Брусэлі.

Медыяменеджар і пісьменнік Аляксей Дзікавіцкі запрашае на прэзентацыю прыгодніцкага раману “Вяртанне Эльзы”.

“Вяртанне Эльзы” — раман пра каханне, памяць і спакусу вечнай маладосці, у якім мінулае нечакана працягвае ўплываць на жыццё тых, хто жыве сёння.

„У цэнтры гэтай гісторыі — страчаны куфар з сямейнымі каштоўнасцямі і палескі заклён, здольны спыніць старэнне таго, хто зможа выканаць яго ўмову. Пошукі праўды прымушаюць героя па-новаму паглядзець на ўласнае жыццё, каханне, родны горад і тое, што чалавек пакідае пасля сябе".


📖 Кніга выйшла ў выдавецтве Kamunikat.

Кожны, хто набудзе “Вяртанне Эльзы” на прэзентацыях, атрымае ў падарунак адну з папярэдніх кніг пісьменніка - “Світумузыка” альбо “Палешук 2.0”.

✔️Варшава - 25 верасня (пятніца), 18.00, Bracka, 25
✔️Люблін - 26 верасня (субота), 18.00, Lubelskie Targi Książki
✔️Брусэль - 28 верасня (панядзелак), 18.00, Прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі Wetenschapstraat 23, 1000.
  • 🔥 3
  • ❤ 2
Post #2992 338
📝 2 кастрычніка: Аляксандр Фядута ў Вільні з лекцыяй пра “Каласы” Караткевіча.

Даследчык і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута выступіць ў Вільні з лекцыяй “Раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”: учора, сёння, назаўжды”.

У 1965 годзе Уладзімір Караткевіч друкуе ў часопісе “Полымя” свой новы раман “Каласы пад сярпом тваім”, якому наканавана было стаць галоўнай кнігай беларусаў.

Праз паўстагоддзя літаратуразнаўца Аляксандр Фядута ў зняволенні напіша своеасаблівы каментар да твора, кнігу “Лексікон “Каласоў пад сярпом тваім”. У ёй аўтар прааналізуе, на якіх асновах, базавых прынцыпах, вобразах грунтуецца тэкст Караткевіча.


Мерапрыемства ладзіцца ў межах праграмы “ArtPower Belarus” у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Падрабязней 👈
  • 👍 10
Post #2991 554
Памёр літаратуразнаўца Васіль Жураўлёў 🖤

Беларускаму літаратуразнаўцу і крытыку было 95 гадоў.

Васіль Жураўлёў быў адным з аўтараў фундаментальных калектыўных прац па гісторыі беларускай літаратуры, удзельнічаў у падрыхтоўцы даследавання «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), напісанага разам з Паўлам Дзюбайлам і Міколам Луферавым, і працы «Пытанні паэтыкі» (1974), падрыхтаванай разам з Іванам Шпакоўскім і Алесем Яскевічам.


Адной з найбольш значных прац Жураўлёва стала кніга «У пошуках духоўных ідэалаў: На матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст.».

📖 За яе ў 2002 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа.
  • 😢 8
  • 💔 3
Post #2990 348
📕 Выйшла калектыўная англамоўная манаграфія пра сучасную Беларусь.

Брытанскае выдавецтва Routledge выпусціла Routledge Handbook of Contemporary Belarus — вялікі міждысцыплінарны даведнік пра сучасную Беларусь пад рэдакцыяй даследчыка Аляксея Кажарскага.

У кнізе сабраныя працы даследчыкаў пра міжнароднае становішча Беларусі, трансфармацыю палітычнага рэжыму і пратэсты, грамадзянскую супольнасць, адукацыю і моўную палітыку, нацыянальныя меншасці, а таксама пытанні гісторыі, ідэнтычнасці і гістарычнай памяці.


Падрабязней ⬅️
  • 👍 9
  • 🔥 3
Post #2989 358
Сёння святкуе свой дзень народзінаў Сяргей Дубавец!

Сёння, 17 верасня, пісьменніку, журналісту, лаўрэату прэміі Гедройця, аўтару падкаста "Літаратурныя зацемкі" Сяргею Дубаўцу спаўняецца 67 🎂

🔊 Слухаць падкаст "Літаратурныя зацемкі".

📚 Чытаць анлайн кнігі Сяргея Дубаўца на "Беларускай палічцы".

🫶 Купіць кнігі пісьменніка.
  • ❤ 12
  • 💯 1
Post #2988 307
📖 30 верасня ў Варшаве: прэзентацыя кнігі Таццяны Багданавай "Не на сваім месцы".

У 2025 годзе рукапіс і макет кнігі “Не на сваім месцы” перамаглі ў Літаратурным конкурсе “Экслібрыс”, прымеркаванным да 90-годдзя з дня нараджэння Анатоля Клышкі.

І ўжо ў 2026 годзе кніга пісьменніцы і мастачкі Таццяны Багданавай пабачыла свет у выдавецтве SURMA.

"Наведвальнікаў чытанне і размовы пра стварэнне кнігі, сумесная творчасць бацькоў і дзяцей (5+), падарункі і ласункі", — напісана ў анонсе.


⏰ Пачатак а 17.30.
📍 Бібліятэка MDM (Marszałkowska 55/73)
  • ❤ 8
  • 👍 2
Post #2987 318
📒Выходзіць другая частка “Імёнаў Свабоды” Уладзіміра Арлова.

Другая частка своеасаблівай аўтарская энцыклапедыі любові да радзімы, свабоды і незалежнасці Уладзіміра Арлова пад назвай “Імёны Свабоды” неўзабаве выйдзе з друку. У красавіку выходзіў першы том, у які ўвайшло 410 гістарычных партрэтаў.

Падрабязней ⬅️
  • 👍 7
  • ❤ 2
  • 🥰 1
Post #2986 321
📘Выйшаў дапоўнены і дапрацаваны раман Алеся Пашкевіча пра Уладзіміра Дубоўку.

У мінскім выдавецтве “Сувіг” выйшла перавыданне рамана-біяграфіі пра жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі “Круг” аўтарства Алеся Пашкевіча.

“Круг” — мастацка-дакументальны аповед пра зямныя і творчыя шляхі паэта Уладзіміра Дубоўкі (1900—1976) і лёс ягонага пакалення. Першая версія рамана пабачыла свет у 2005 годзе ў выдавецтве “Беллітфонд”. Перавыданне 2026 году грунтоўна перапрацаванае і дапоўненае.


Дзе купіць 👈
  • ❤ 6
  • 👍 2
Post #2985 404
🙏 Выдавец Зміцер Колас на волі!

Сярод 25 зняволеных, якія выйшлі сёння на волю ў Беларусі, дзякуючы высілкам амерыканскага ўрада і спецпасланіка Джона Коўла, — выдавец і перакладчык Зміцер Колас.

Зміцер Колас — выдавец кніжнай серыі "Паэты планеты", перакладчык з французскай, у яго наробку пераклады казак Шарля Перо, твораў Камю, Сартра, Бергсона і іншыя.
  • 🔥 14
  • ❤ 5
  • 🙏 5
Post #2984 329
📚 23 верасня ў Мінску: лекцыя Ігара Бабкова "Беларуская жаночая паэзія ў метафізічнай перспектыве".

У музее Якуба Коласа ў рамках музейнага праекта “Простыя словы” адбудзецца лекцыя Ігара Бабкова "На высокім пагорку высокі дом... Беларуская жаночая паэзія ў метафізічнай перспектыве".

Жаночая паэзія вельмі часта разумеецца як адмысловае засяроджанне творчай увагі, паэтыка-антрапалагічнае падарожжа ў пошуках "жаночага". Замыканне зместу ўнутры пэўнага каталога тэмаў і эмоцый. Паэткі, пра якіх пойдзе гаворка, ідуць у адваротным кірунку. Замест замыкання ў "жаночым" — эстэтычны выбух, растрата, новая эстэтыка, новыя тэрыторыі, вышыні і глыбіні.


📍Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)
⏰Пачатак а 18:30.

Уваход — 10 рублёў.

Патрабуецца рэгістрацыя ✍️
  • ❤ 10
Post #2983 283
📕 25 верасня: прэзэнтацыя кнігі Галіны Войцік "Там, дзе мяне няма" ў Вільні.

Галіна Войцік (1927-2007) — беларуская дзяячка, перакладчыца і публіцыстка. Вучаніца Віленскай беларускай гімназіі, германістка па адукацыі, аўтарка шматлікіх мемуараў пра віленскіх беларусаў.

📖 "Там, дзе мяне няма" — кніга пра Вільню і пра яе людзей, пра сямейныя і гарадскія традыцыі. Успаміны з кнігі раней друкаваліся ў газетах, і ўпершыню выходзяць пад адной вокладкай.

Гэтай кнігай выдавецтва "Скарына" адкрывае "Віленскую сэрыю" — наступнымі ў ёй рыхтуюцца творы Францішка Умястоўскага, Макара Краўцова, Уладзіслава Паўлюкоўскага, Янкі Багдановіча, Алены Цэпрынскай ды іншых аўтараў, чый лёс звязаны з Вільняй.


Вось тут можна азнаёміцца з фрагментам кнігі 👈
  • ❤ 8
  • 👍 2
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →