18 жніўня 1891 года ў вёсцы Баброўня (сёння 🦬 Гродзенскі раён) нарадзіўся беларускі паэт і грамадскі дзеяч Макар Краўцоў (сапр. Макар Касцевіч).
Скончыўшы 🦬 Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Гарадзеншчыне. Удзельнік Першай сусветнай вайны, дэлегат Усебеларускага з’езда 1917 года, сябра Рады БНР. Быў упаўнаважаным Міністэрства беларускіх спраў у Сакольскім павеце, працаваў у Мінску пры Наркамасвеце ЛітБел ССР, а таксама ў Беларускай вайсковай камісіі пры польскай адміністрацыі.
У 1920 годзе ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне як загадчык друкарні паўстанцаў у Клецку. З 1921 года жыў у Вільні, дзе супрацоўнічаў з Беларусім навуковым таварыствам, Таварыствам беларускай школы, пісаў у беларускіх газетах і часопісах. Быў арыштаваны польскімі ўладамі, а пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе працаваў у «Віленскай праўдзе».
У канцы 1939 года яго арыштавалі савецкія ўлады разам з іншымі дзеячамі нацыянальнага руху. Паводле некаторых сведчанняў, Краўцоў загінуў падчас допытаў у савецкай турме ў Беластоку.
Макар Краўцоў вядомы як аўтар гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і шэрагу вершаў, у тым ліку «Паварот да Горадна» (верш можна разгарнуць).
Ізноў я тут. Цябе вітаю,
Мой родны Горадзен стары!
Ізноў па вуліцах лятаю
Да самай позняе пары.
З цябе нацешыцца няможна
Пасля разлукі ў тры гады!
Як міла плітачка тут кожна,
Дамы, бульварчыкі, сады.
Хрыбты мастоў пераламаных.
Ахвяры скончанай вайны,
Шкада мне вас, параскіданых,
Ўдалыя Нёмнавы сыны!
І ты - нямога пасяджэння
Магутны замак - як жывеш?
Праб'е часіна адраджэння -
Ізноў ты, мілы, загудзеш!
А ты... ты - Нёман бела-сіні...
Ой, як харошы, дарагі!
Старыя хвоі, як багіні,
Твае бароняць берагі.
Цяпер нядоляй пілігрыма
Сюды загнаны незнарок,
Твой быстры бег лаўлю вачыма,
Гляджу і ўдоўж, і ўпапярок.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вітай жа, Горадзен, дзяціну
Тваіх муроў, твае раллі,
Хоць ты прытулішчам будзь сыну -
Выгнанцу роднае зямлі!
