На могілках у польскім горадзе Рэска, імаверна, адшукалася пахаванне Уладзіслава Знамяроўскага — беларускага грамадска-палітычнага дзеяча і выдаўца міжваеннага часу, дакладны лёс якога дагэтуль заставаўся невядомым.
У крыніцах пішуць, што Знамяроўскі нарадзіўся ў 1888 годзе ў Латгаліі. У 1920–1930-х гадах ён трымаў у Вільні прыватнае выдавецтва, дзе друкаваў беларускія падручнікі, слоўнікі і літаратуру (у тым ліку творы Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш., братоў Гарэцкіх). Таксама ён быў рэдактарам-выдаўцом шэрагу віленскіх газет: адноўленай «Нашай Нівы» (1920), «Незалежнай думкі», «Крыніцы» і «Волі народу», за што неаднаразова прыцягваўся польскімі ўладамі да суда. Дакладная дата смерці дзеяча ў даведніках і энцыклапедыях адсутнічае — пазначаецца толькі «пасля 1946 года», бо вядома, што пасля Другой сусветнай вайны ён з'ехаў у Польшчу і знік з поля зроку даследчыкаў.
На дасланых падпісчыкамі здымках з могілак горада Рэска (Заходнепаморскае ваяводства) зафіксавана пліта з імем Уладзіслава Знамяроўскага (Władysław Znamierowski) і датамі жыцця 25.12.1888 — 12.12.1975. Разам з ім пахаваныя Марыя Знамяроўская (1890–1974), Здзіслаў Знамяроўскі (1953–2012) і немаўля Віктар (2010).
На тых жа могілках ёсць яшчэ адна магіла сям'і Знамяроўскіх: двух Вальдэмараў (старэйшы 1913–1980 і малодшы 1944–1992 гадоў жыцця), а таксама Ядвігі (1922–1995). Храналагічна старэйшы Вальдэмар цалкам падыходзіць на ролю сына Уладзіслава і Марыі (калі яна яго жонка, вядома).
Супадзенне імя, прозвішча, дакладнага года нараджэння і агульнага кірунку пасляваеннай эміграцыі дае высокі працэнт імавернасці, што перад намі магіла менавіта беларускага выдаўца. Але прозвішча не тое каб рэдкае. Для канчатковай верыфікацыі і закрыцця белай плямы ў гістарыяграфіі неабходная дапамога спецыялістаў, здольных працаваць з польскімі архівамі або звязацца з нашчадкамі Знамяроўскіх.
#Польшча #могілкі
Post #2737
330

