Восень 1993-га была вельмі халоднай. Скаваная холадам зямля, прадзьмутая паўночным ветрам.
Мой бацька ў першай хвалі рамантыкаў-гастарбайтараў ужо з'ехаў у Германію, а мы чакалі дазволу на выезд. Недабітыя савецкія монстры АВІРы яшчэ працавалі, велічныя ў сваёй вялікадзяржаўнай канцэпцыі «не пушчаць». Выехаць з краіны з дзіцем тады было на мяжы фантастыкі, таму маці вырашала гэтае пытанне праз нейкія дзіўныя турыстычныя агенцтвы, якія мелі сувязі ў Маскве. Негледзячы на абвешчаную незалежнасць Беларусі, гэтыя сувязі яшчэ працавалі. Зрэшты, а што кардынальна змянілася? :)
І вось падзеі 3-4 кастрычніка ў сталіцы нашай былой савецкай Радзімы паклалі канец адной з гэтых фірмаў. Як патлумачылі маёй маці: «Глядзіце тэлевізар, сувязі нашы ЗГАРЭЛІ». А тэлевізар, як і ўвесь наш няхітры скарб, ужо даўно быў у камісійнай краме, бо ў рай, якім тады была Германія, са сваім дабром не пускаюць. Таму карцінку палаючага Белага дома і танкаў Таманскай дывізіі я ўбачыў крыху пазней. Але менавіта ў кастрычніку 1993-га я выразна запомніў, што слова «путч» відавочна звязана са словам «пучыць».
Эпоха ў асобах бравых прыгажуноў і савецкіх сокалаў ды арлоў Руцкога, Хасбулатава, Макашова, Баркашова, Анпілава са скрыгатам сыходзіла ў нябыт. Гэтак жа, як і наш шанец з'ехаць туды, дзе мы спадзяваліся пабудаваць новае шчаслівае жыццё. Ад'езд з краіны ўсё ж адбыўся, але толькі летам 1994-га. Прыблізна ў той час, калі наша краіна ў два туры выбірала сабе будучыню. На шчасце ці на няшчасце, мая сям'я ў тых выбарах не ўдзельнічала.
Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
33 гады мінула.
Post #3745
91

- 👍 5
- 🔥 2