TGViewer
STATKEVICH M STATKEVICH M @statkevichm · 2.05K subscribers
Post #147 801
КАРОТКАЯ І ЯРКАЯ ГІСТОРЫЯ
Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў (БЗВ) было заснавана 19 — 20 жніўня 1991 года ў Мінску падчас жнівеньскага путчу 1991 года. А 12-13 кастрычніка 1991 года, 35 год таму, адбыўся Ўстаноўчы з’езд грамадскай арганізацыі, які вызначыў мэты БЗВ: абарона незалежнасці Беларусі, стварэнне беларускага войска і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства. У з'ездзе прынялі ўдзел дзесяткі афіцэраў-беларусаў з ўсіх канцоў былога Савецкага Саюзу.
З'езд даў моцны штуршок развіццю арганізацыі. Суполкі БЗВ узніклі ў гарнізонах па ўсей тэрыторыі Беларусі. А правядзенне 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску цырымоніі прысягі на вернасць Беларусі дало магчымасць стварыць харугвы БЗВ з вайскоўцаў запасу ва ўсіх раёнах сталіцы.
БЗВ дамаглося стварэння беларускай арміі, стала ініцыятарам стварэння Антыкрызіснага камітэта ўсіх асноўных палітычных сіл краіны для абароны незалежнасьці, арганізавала напісанне і публікацыю ў газетах паўтарамільённым агульным накладам кароткага агляду раней забароненай ваеннай гісторыі Беларусі "Забытая слава", рэгулярна праводзіла масавыя святкаванні датаў ваенных перамог нашых продкаў.
25 сакавіка 1993 года, пасля заявы ўрада Кебіча аб намеры адмовіцца ад нацыянальнай валюты і перайсці на расійскі рубель, БЗВ правяло на галоўным праспекце Мінска марш у абарону незалежнасці пад лозунгам: "Народ, барані сябе сам!". Тысячы мужчын пад барабанны бой пад кіраўніцтвам актывістаў БЗВ прайшлі шыхтамі па праспекце імя Францыска Скарыны. Гэта аказала вялікае ўражанне на ўрад і ад увядзення чужой валюты адмовіліся. Але пасля гэтага Вярхоўны Савет прыняў рашэнне ўнесці змены ў закон "Аб статусе вайскоўцаў", згодна з якімі вайскоўцам забаранялася займацца любой "грамадска-палітычнай" дзейнасцю, што трактавалася ўладамі не толькі, як забарона ўдзелу ў працы палітычных партый, але і ў дзейнасці любых грамадскіх арганізацый. Нават "таварыства сабакаводаў", як яны казалі.
У выніку афіцэраў-патрыётаў паставілі перад выбарам - вайсковая служба альбо членства ў БЗВ. Самае прыкрае, што гэтыя змены ў закон падтрымала фракцыя БНФ. Мне дагэтуль не зразумелыя матывы, па якім кіраўніцтва гэтай партыі дапамагло ўраду Кебіча расправіцца з патрыятычнай арганізацыяй афіцэраў. Няўжо з-за банальнай рэўнасці да росту папулярнасці грамадскай арганізацыі? Недарэмна ж тагачасны міністр абароны Казлоўскі ў прысутнасці афіцэрскага сходу Ваеннай акадэміі радасна крычаў мне праз усю залу: "БНФ вас предал!" Кіраўніцтва БЗВ, каб пазбегнуць звальненняў з войска сваіх паплечнікаў, прыняло рашэнне аб спыненні членства ў арганізацыі ўсіх кадравых афіцэраў, акрамя старшыні арганізацыі. У выніку БЗВ засталося без дасведчанага актыву і прысутнасці ў войску. Арганізацыя атрымала моцны ўдар. А пазней, напачатку 1994 года, з-за ўдзелу яе членаў у ахове забастоўкі рабочых, была пазбаўлена юрыдычнай рэгістрацыі. Пасля чаго была зарэгістравана ўжо пад іншай назвай.
Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў актывісты БЗВ арганізавалі Грамадскую Кантрольную Камісію, якая аб'яднала прадстаўнікоў усіх апазіцыйных кандыдатаў і не дапусціла масавых фальсіфікацый выбараў.
За сваю кароткую і яркую гісторыю БЗВ зрабіла вельмі шмат для Беларусі і яе незалежнасці. Мо таму, што ў адрозненне ад аналагічных арганізацый у суседніх былых савецкіх рэспубліках, яе ўтварылі і ачолілі не пакрыджаныя начальствам вайскоўцы, а паспяховыя афіцэры, якімі рухала, найперш, любоў да нашай краіны і жаданне бачыць яе вольнай і незалежнай.
  • ❤ 40
  • 👍 14
  • ❤‍🔥 7
  • 😢 2
More from @statkevichm
  1. Oct 12, 2026Марш БЗВ у абарону незалежнасці 22.03.1993года
  2. Oct 12, 202635 год таму пачаўся Устаноўчы з'езд БЗВ
  3. Oct 7, 2026Болей за тысячу год - гэта нямала. Магу канкрэтызаваць сваю параду - прыгледзьцеся да сваё…
  4. Oct 7, 2026ЗАКЛАДНІКІ ФАЛЬШЫВЫХ МІТАЎ Расійска-украінскую вайна ідзе ўжо пяты год. Нягледзячы на пера…
  5. Oct 2, 2026СВАБОДА ПЕРАМОЖА РАБСТВА Меў сустрэчу з афіцыйнымі прадстаўнікамі ЕЗ у нашай краіне. Скары…
  6. Sep 28, 2026Мой новы пакуль двухузроўневы "катэдж"
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →