На каталіцкіх могілках у Будславе знайшлі і адкапалі надмагільны камень 1825 года, з якім звязана старая мясцовая легенда.
Аб знаходцы паведаміў даследчык Анджэй Маркевіч. Яшчэ ў канцы 1980-х гадоў, будучы дзіцем, ён памятаў плоскі камень з надпісамі, што ляжаў прама пасярод цэнтральнай алеі могілак. Тады ж ад старэйшых ён пачуў легенду: нібыта там пахаваная асоба, якая сама завяшчала пакласці яе на сцяжынцы, каб людзі хадзілі па магіле і такім чынам адпускалі яе грахі.
Каля 15 гадоў таму, падчас устаноўкі новых помнікаў і высечкі дрэў, гістарычная пліта апынулася цалкам засыпанай зямлёй і знікла з поля зроку. Мясцовыя жыхары пазней спрабавалі яе знайсці, прамацваючы грунт ломам, але беспаспяхова. Аднак цяпер ініцыятыўнай групе ўдалося дакладна вызначыць месца і на глыбіні 20-25 сантыметраў адкапаць масіўную каменную брылу (гэта аказалася не проста тонкая пліта, а вялікі ледавіковы валун).
Ачышчаны надпіс і архіўныя метрыкі раскрылі гісторыю пахавання. На помніку пазначана, што тут спачывае Людвіка Эйсмант (у першым шлюбе — Прушынская), жонка капітана войскаў Польскага Каралеўства. Яна памерла 1 верасня 1825 года ва ўзросце каля 80 гадоў у маёнтку Мільча. Згодна з метрыкай Будслаўскага касцёла, жанчына была вельмі пабожнай і яе пахавалі «каля вялікага крыжа» на парафіяльных могілках.
Гісторыкі мяркуюць, што першапачаткова магіла не знаходзілася на сцяжынцы. У той час могілкі былі меншымі, і пахаванне размяшчалася проста ў цэнтры, каля галоўнага крыжа. З часам межы некропаля пашырыліся, планіроўка змянілася, і пліта апынулася на праходзе, што і спарадзіла ў народзе прыгожую легенду пра грэшніцу і пакаянне. Праўда, на самім помніку сапраўды ёсць просьба да кожнага прававернага прачытаць «тры Вітай, Марыя» за яе душу.
Цяпер 201-гадовы помнік ачышчаны, прыпадняты над узроўнем зямлі і зноў бачны людзям.
Крыніца
#Будслаў #могілкі #легенды
Post #16674
864








- ❤ 36
- 🔥 14
- 👍 2
- 🗿 1