Паша, як ты можаш падтрымліваць Ціханоўскую? Як ты можаш падтрымліваць Пазняка?
Святлана Ціханоўская на сення - адзіная беларуская постаць, на якую зважаюць у міжнародным маштабе. Ня будзе Ціханоўскай - будзе нуль. Так працуе міжнародная палітыка. Калі беларусы ня могуць вызначыцца альбо сварацца міжсобку - у сенняшнім бурлівым і зменлівым свеце гэта азначае, што нас ня будуць браць у разлік.
З іншага боку, Пазняк - паслядоўны і жорсткі выразнік беларускага нацыянальнага інтарэсу. Беларускага выжывання. Калі не зважаць на Пазняка - легка згубіць берагі і патануць у моры чужых інтарэсаў.
У пікавы час альтэрнатывы нацыянальнаму адзінству няма. Гэта азы палітыкі. Таму беларусы маюць сціснуць зубы і выйсці шчыльнымі радамі. Ніяк інакш.
12 гадоў таму мы з Волечкай перад Богам паабяцалі любіць і шанаваць адно аднаго - у шчасці і няшчасці, здароўі і хваробе... І ані на адну хвіліну я не пашкадаваў, што выбраў менавіта яе.
У турме альбо ў выгнанні, дзе б мы ні былі - я ведаю: Госпад нясе на Сваіх руках нас абодвух разам.
А знайшоў я сваю Волю на тых самых маладафронтаўскіх курсах рыцараў джэдаяў ).
"Пакладзі мяне пячаткай на сэрца сваё..."
Светлая мая беларусачка, з дванаццатай гадавінай вянчання цябе!
Пасля хвалі маіх інтэрвію вылучыў найбольш вострыя пытанні, якія людзі задавалі ў сацсетках і ўжывую.
Адказваю некалькімі пастамі.
Пытанне 1. Паша, як можна перамагчы рэжым і імперыю верай, мовай, культурай, маральнай пазіцыяй? Ідзе вайна, патрэбная вайсковая сіла, а ты кажаш пра сэрцы, кнігі, спевы - ці ня мроі ўсё гэта?
Мой адказ. 2000 гадоў таму кніга Евангелля незваротна перамяніла свет - і з тых пор стагоддзямі рэжымы і імперыі падалі і руйнаваліся ад сутыкнення з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом. Праз некалькі дзён у Літве - дзень абаронцаў свабоды. У 1991 годзе бяззбройныя людзі ў маленькай Літве сярод зімы выйшлі на вуліцы і сталі супраць спецназу ды танкаў гіганцкай імперыі. Былі забітыя, былі сотні параненых мірных людзей. Але Літва перамагла.
Такіх сведчанняў у чалавечай гісторыі - мноства. Дух адольвае зброю!
Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром (да Рымлянаў 12:21).
Мілыя сябры! Віншую з новым, 2026-ым годам ад нараджэння Хрыста! Дзякуй вам усім за віншаванне і добрыя словы! Салідарнасці, цеплыні і падтрымкі столькі, што ня хопіць дня, каб падзякаваць кожнаму асабіста. Молімся за вызваленне ўсіх палітвязняў, Украіну і вяртанне ў новым годзе ў вольную Беларусь. На Новы год паглядзелі з сям'ёй "Белсат", з'ездзілі на набажэнства ў касцёл, нагуляліся з сынам у снежкі ў двары. Францішак цяпер напявае "Шчучыншчыну", Волечка гартае касцёльную суполку ў тэлеграме, а я рыхтую да друку першую кніжку пасля турмы.