Апошняе месца, дзе давялося папрацаваць, гэта Нью-Ёркская публічная бібліятэка (New York Public Library). Меcца вар'яцкае, людзей процьма, прычым большая палова - турысты. Прыходзяць, каб пафоткацца і паглядзець на будынак. Ладзяцца адмысловыя экскурсіі, каб пабачыць м. інш. плюшавыя цацкі Крыстафера Робіна (сына пісьменніка Алана Мілна), якія сталі прататыпамі Віні-Пуха, Пятачка, Тыгры) ці адну з рэдкіх ацалелых Біблій Гутэнберга. І яшчэ засталіся таксафоны, якія не працуюць, але дадаюць атмасферы мінулага.
Рэгістрацыя праходзіць вельмі лёгка і зручна. Сайт працуе на розных мовах. Гэта адзіная установа, дзе мне зрабілі картачку. Аднак кнігі можна замаўляць заранёў. Каб выдалі картачку, трэба проста з дакументам і з любой паперкай, якая пацвярджае твой адрас, прыйсці ў які заўгодна філіял NYPL і табе выдадуць біібліятэчную картачку.
Я ўсё рабіў у галоўным будынку Stephen A. Schwarzman Building на Пятай Авеню і працаваў у галоўнай чытальнай залі імя Роўз (The Deborah, Jonathan F. P., Samuel Priest, and Adam R. Rose Main Reading Room).
Каб патрапіць у будынак трэба адкрыць торбу/заплечнік. Тое самае, калі выходзіш з чытальнай залі. Асабліва не шманаюць, вельмі сімвалічна. Шчыра кажучы, не ведаю, навошта яны гэта робяць. Сёння я быў каля будынка а 10 раніцы і ўжо была чарга чалавек 150. Канешне, яна супер-хутка прайшла. Вельмі шмат супрацоўнікаў, але агулам усе дапамагаюць.
У будынку розныя выставы, у залю заходзіш з торбамі, можна напоі прыносіць, толькі на стол нельга ставіць.
Я праглядаў мікрафільмы
Апарат сучаснейшы. Розныя мовы, можна сканіраваць і адразу высылаць сканы сабе на імэйл. Толькі не больш за 15-20 старонак, каб не вялікі файл быў. Вельмі зручна.
Таксама працаваў на сканэры. Упершыню на такім сучасным. Розныя мовы, усё лёгка. Можаш або на флэшку, або на імэйл высылаць адсканіраваныя файлы. Там нібыта правіла 15 хвілін, але я гадзінамі сканіраваў (нейкая чувішка таксама) і чаргі не было. Сканэраў хіба 3.
Людзі там вельмі розныя. Ад слова вельмі. Усе касты ды нацыянальнасьці. Нават глядзець на іх было незвычайна цікава. Замоўленыя матэрыялы, у залежнасці ад таго, дзе яны знаходзяцца, можна забраць у той самы дзень ці наступны.
Цікавостка: у самы першы дзень працы бібліятэкі для чытачоў, 24 мая 1911 г., першай афіцыйна замоўленай кнігай стала праца Мікалая Грота "Нравственные идеалы нашего времени" (параўнанне поглядаў Льва Талстога і Фрыдрыха Ніцшэ). Наведвальнік папрасіў яе а 9:05 раніцы, а ўжо а 9:11 кніга была ў яго на руках!
Зараз не так хутка, але ўсё сапраўды даволі добра працуе. Вельмі дэмакратычна. Бясплатна. Даступна. Зручна. Агромністае кніга сховішча для ўсіх (хто мае нейкі там адрас і дакумент). Дарэчы, можна онлайн замаўляць сканы, каб прыслалі на імэйл, але я яшчэ не прабаваў. Там нейкія ліміты стаяць на старонкі. Думаю, ужо з Польшчы буду максімальна карыстацца інтэлектуальным дабрабытам ЗША.
Post #970
31
- 👍 6
- 🔥 2
- ❤ 1
- ❤🔥 1