Наша каманда называлася Анарха-Камуна. Калі ўсё толькі пачыналася, мне хацелася, каб там гулялі асобы анарха і антыфашысцкіх поглядаў. На жаль, гэта было амаль нерэальна. Таму хто толькі у нас у камандзе не гуляў. Албанцы, беларусы і украінцы, французы і грузіны, іспанцы і палякі, харваты.
Асобы з Казахстану і Расеі, і хіба нават мексіканец быў. Мо на каго і забыўся, бо архіваў мы не вялі. Такі спартыўны міні-інтэрнацыянал. Ратацыя была вялікая, але і касцяк захоўваўся. Пра нас ведалі ў Кракаве, запрашалі на нейкія турніры. Канешне, хацелася, каб усе хлопцы былі бліжэй да лібертарных ідэй, але ж так не было. Аднак усе выступалі пад брэндам Анарха-Камуны і нейкая салідарнасць, сяброўства і асяроддзе агульных поглядаў было. Большасць таксама пагаджалася, што камерцыялізацыя спорту да дабра не вядзе. Таму прынамсі нейкае падабенства лібертарных ідэй каманда прапагавала. Іншыя каманды ведалі, што існуюць анархісты і што акрамя футболу ладзяць у горадзе нейкія акцыі, часам даволі гучныя, і займаюцца іншымі справамі. Бадай адзінае інтэрвью, якое зрабіў з камандай таварыш, апублікавана ў вядомым анарха-часопісе "Inny Świat" (nr 39/40 за 2013 г.) Хай будзе для будучых даследчыкаў нізавых спартыўных ініцыятыў.
Але час не шкадуе нікога. Людзі старэюць, з'язджаюць, заводзяць сем' і і гд. Наша ліга паступова завершыла існаванне, таксама як і Анарха-Камуна. Думаю, што я мог бы цягнуць і далей каманду, каб не адно але. Хлопцы арганізоўваліся і без лігі, рабілі і робяць трэнінгы на орліку студэнцкага гарадка. Частка не пакінула футбол і сёння выступае за каманду Палессе Юнайтэд, удзельнічае у турнірах. Ганаруся хлопцамі!
Менавіта на тым орліку ў далёкім 2017 г. я і скончыў сваю "кар'еру" футбаліста, банальна парваўшы звязкі падчас трэнінгу (разрыў пярэдняй крыжа падобнай - ACL). Мне рабілі дзве аперацыі на калене. Дзве, таму што гэтыя гора-дактары адразу не пабачылі, што ў мяне не толькі меніск пашкоджаны, але перад усім звязкі парваныя. Аперацыі мо і не складаныя, але вяртанне да здароўя і рэабілітацыі гэта вельмі і вельмі сур'ёзная справа, якая патрабуе не толькі часу, але дэтэрмінацыі і адказнасці. Цябе выбівае з нармальнасці на добрых некалькі месяцаў. Акрамя таго не так лёгка знайсці рэабілітолага. Карацей, калена сваё я паправіў, але да футбіка не вярнуўся, бо ў калене не ўсё ідэальна і баюся, што ізноўку магу яго пашкодзіць. Дарэчы, часам, ці то падчас змены надвор'я ці магнітных бур, якіх я ніколі не бачыў, але калена ные, цягне. Таму амінаю канькі, лыжы і футбік. Па статыстыцы ўласна футбол і лыжы лідэры па сарваных звязках.
Раней трошкі сумаваў па футболе. Усё ж такі гэта сацыяльная гульня, гульня двароў і нізоў, А не тое, ува што перарабілі сучасны спорт. Зараз ужо не сумую. Ну і глядзець матчы я таксама даўно перастаў. Апошні чэмпіянат свету ляцеў у мяне на праектары ў 2018 г., але больш як фон, бо быў цяжкі перыяд у жыцці. Я разумею, што людзі патрабуюць шоў, але гэта не для мяне. Страта часу сачыць за ўсім гэты. Хаця, напрыклад, адзін сябар юнацтва мне казаў яшчэ 20 год таму, што ён сочыць за чэмпіянатам па футболе і хакеі, таму што любіць лічыць, пралічваць паразы, перамогі, патэнцыйныя камбінацыі плэй-офаў. У яго проста матэматычны склад розуму і ўсе гэтыя лічбы як у Матрыксе прыемней назіраць праз адсочванне турнірных табліц розных чэмпіянатаў. Але я просты гуманітарый, мне была цікава практыка футболу, які назаўсёды застанецца для мяне рамантычным дзіцяча-юнацкім успамінам. Вось такі мой своеасаблівы гімн футболу.
Футбік памёр, хай жыве футбік!
Post #395
111
- 👍 3
- ❤🔥 2
- 🥰 2
- ❤ 1