Ніколі не падводзіў асабістыя вынікі года афіцыйна, але калі ўжо маю канальчык, то паспрабую гэта зрабіць па пунктах.
Расчараванне года. Некаторыя анархісты. Людзі, якія кажуць адно, робяць іншае. Людзі, якія крывадушныя. Людзі, у каторых комплексы перамагаюць чалавечнасць. Якія не шануюць працу іншых людзей. Людзі з раздзьмуханым эга, за якімі не ідуць справы. Мучаўся з думкамі аб паводзінах адной асобы увесь снежань. Толькі адпусціла, і ўчора даведаўся аб подлым захаванні, гэтым разам ў стасунку да мяне. Гэта выбіла мяне з навагодняга настрою і накрыла прыкрасцю. Як мне сказалі, можа і лепей, што гэта здарылася яшчэ ў гэтым годзе, каб далей рухацца без такіх людзей. Так, у наступным годзе мне з гэтай пустэчай не па дарозе. Сабакі брэшуць, караван ідзе далей.
Дапамога. У гэтым годзе я рэгулярна данаціў на Украіну і на беларускіх палітвязняў. Фінансавая дапамога можа падавацца кроплей у моры, але кропля камень точыць.
Тэксты. Напісаў некалькі навуковых артыкулаў, некалькі апублікаваў. Адзін з маіх тэкстаў пераклалі на гішпанскую мову. У сваю чаргу нашу з таварышамі кнігу пераклалі на расейскую і ангельскую мовы. Напісаў некалькі публіцыстычных тэкстаў, некалькі вершаў. Завёў тэлеграм канал. Пісаў, пішу і буду пісаць лісты палітвязням. І чакаю сваіх сяброў на волі.
Падарожжы. Пабываў у польскіх гарадах, у якіх не быў больш за 10, а то і 20 год: Люблін, Лодзь, Шчэцін. Двойчы быў ў Татрах. З новых мясцінаў - Палянчык на возеры Саліна. Замежжа: Францыя, Германія, Грэцыя, Славакія, ЗША.
Кнігі. Прачытаў некалькі кніг мастацкай літаратуры, якой чытаю мала, бо трэба навуковую штудзіраваць ды публіцыстыку розную. І кароткі час адведзены на мастацкія творы з'яўляецца сапраўднай асалодай. Асабліва па-беларуску.
Здароўе. Старэю. Пачаў піць таблеткі ад павышанага ціску, які, як прыпадковы выявілася ў верасні, будзе маім пастаянным спадарожнікам па жыцці. Пачаў рабіць адцісканні і дарабіўся ціску. Але гэта спадчыннае і не самае горшае. Прарвемся.
Дасягненні. Самае галоўнае - ў красавіку я прабяжаў марафон. Першы ў жыцці і з даволі добрым вынікам як на мой узрост і падрыхтоўку. Канкрэтны час называць не буду, але ён быў меншы, чым 3 гадзіны 45 хвілін. Праз праблемы з ціскам быў вымушаны не бегаць 4 месяцы. У спорце гэта завецца "адкат". Паставіў сабе мэту да НГ вярнуцца ў норму. 1 снежня вярнуўся да бегу. Пачаў з 7 км тры разы на тыдзень, дакідваючы па 2 км кожны тыдзень. Год скончваю на 15 км за прабежку. Ці то нэрвы, ці таблеткі ад ціску ўплываюць, але бегаць пачаў хутчэй і пульс не скача як раней. Бег - цудоўная форма прыводзіць думкі ў парадак.
Кіно. Фільмаў гляджу мала. Найбольш уразіў - францускі "Delicious" (Смаката, 2025). Класавая барацьба без пераносных сэнсаў. Можа падавацца павярхоўным, але ёсць у ім глыбокія думкі. І, канешне, "Платформа 2" (El Hoyo, 2024). Геніяльны гішпанскі фільм, які з чыстым сумленнем раю ўсім. Першая серыя выйшла ў 2019 г. і вельмі мяне ўразіла. Абмяркоўвалі яе з Ігарам Аліневічам. Другая - працяг, мо і не такі арыгінальны, але такі ж моцны і кранаючы тэму пад назвай "вязніца = чалавек, грамадства, сацыяльныя інстытуты, рэлігія, рэвалюцыя... "
Серыялаў таксама мала гляджу. Нейкіх прарываў не было. Ужо пісаў, што асабіста для мяне 2 сезон "Белага Лотаса" даў глебу для разважанняў аб каханні і адносінах у парах. І ўвогуле, самы геніяльны серыял усіх часоў - гэта" Твін Пікс".
Аб смерцях пісаць не буду. З жыцця адышлі сябры, знаёмыя, сваякі. Але жыццё перамагае смерць. У гэтым годзе ў розных сяброў нарадзіліся дзеці - гэта заўсёды добрыя навіны. За ўсіх шчыра рады.
Каштоўнасці. Усё больш і больш упэўніваюся ў перакананні, што самыя блізкія людзі, гэта і ёсць найважнейшая вартасць. І калі яны гарманічна ўпісваюцца ў тваё жыццё, калі ўсе адчуваюць свабоду і калі не кульгае здароўе, то ўсё можна пераадолець. Нават калі адзін з гэтых фактараў цягне ўніз, іншыя дапамогуць заставацца на плаву. Блізкіх людзей катастрафічна мала, але яны ёсць. І дзякуй ім усім за падтрымку!
Post #390
122
- ❤ 11
- ❤🔥 2
- 👍 1