Пасля Дзядоў, ды і ўвогуле пасля кожнага побыту ў Горадні, было сумна вяртацца ў Польшчу. Магчыма ціснула нейкае ўнутраннае пачуццё, што аднойчы прыйдзе момант, які будзе апошім падарожжам. Але заўсёды пасля бацькоў, сяброў і родных мясцін ад'езд быў прыпраўлены лёгкай меланхаліяй.
Ужо ў цягніку, легендарнай электрычцы Гродна-Кузніца, у якой я ездзіў два дзесяцігоддзі, пакуль не скасавалі маршрут, ізноў напісаў вершык і выслаў сябру.
Аб электрычцы можна пісаць тамы і здымаць серыялы. Яна была малым асаблівым сусветам і там адбываліся цікавыя рэчы. Яна была як бронецягнік, на якім Троцкі рассякаў падчас грамадзянскай вайны. Толькі гэты маршрут належыў памежным "нелегальным" гандлярам папяросамі і іншымі прысмакамі.
Цягам паўгадзіны яны на хаду разбіралі, раскручвалі і раскладалі электрычку ўнутры, каб запакаваць ва ўсе магчымыя і немагчымыя месцы папяросы. Мелі адпаведныя інструменты, ад адвёрткі да шурупавёртаў. Раскручвалі, хавалі, закрувалі, зноў раскручвалі і даставалі тавар ўжо ў Польшчы. Часам з вокнаў цэлыя блокі цыгарэт выкідвалі. Гэта зараз дронамі ды паветранымі шарамі перакідваць табачок, а раней чыгунка была наша ўсё. Машыны таксама, але цягнік меў сваю чароўную камунальную атмасферу.
Кантынгент дробных кантрабандыстаў быў стракаты. Гендарны і ўзроставы баланс вытрыманы. Некаторыя з іх дарабіліся маёнткаў, зарабляючы на памежным гандлі. Частка пачынала бухаць нават не дачакаўшыся, калі электрычка ад'едзе з гарадзенскага вакзала. Субкультура нашых чалнакоў - з'ява цікавая з антрапалагічнага і культурніцкага пункту гледжання, але не з маральнага. На вакзале яны надакучліва прасілі студэнтаў і прыпадковых пасажыраў, каб тыя правезлі ім некалькі пачкаў папяросаў ці бутэльку алкаголю. Часцяком здараліся канфлікты, калі цябе "прасілі" устаць са свайго месца, каб яны схавалі свае скарбы пад крэслы і за паліцы для багажу. Калі вярталіся з Кузніцы той самай электрычкай, то раздавалі пасажырам абутак ды вопратку і самі апраналі па 5 швэтраў. У Горадні ім гэта вярталі, а яны плацілі сімвалічныя некалькі даляраў.
Агульна кажучы, электрычка з дапамогай Duty Shops ("дзюцікаў") доўгія гады жыла сваім жыццём і давала працу некаторым гарадзенцам, напаўняючы іх жыццё пэўным сэнсам. Зарабіць на кантрабандзе. Ім было весела, дробная авантура цягам гадзіны падавалася ім не толькі працай, але і перамогай над сістэмай, забаронамі, кантролем. Гэта быў іхні астравок свабоды, прасякнуты неназойлівым адрэналінам і пахам лёгкіх грошаў. Я ж, гледзячы на гэтыя сюжэты, хоць з цікавасцю назіраў і аналізаваў іх, але думаў зусім аб іншым.
Post #357
160
- 👍 6
- 🔥 3