Сёння амаль ва ўсім свеце адзначаецца Хэлаўін. Амерыканізацыя культуры, што ж зробіш. Мы з бацькамі з дзіцячага садку нашай дачкі таксама арганізуем увечары для дзяцей "змрочны шпацыр". Перапранутая дзятва будзе хадзіць па вызначаных і адмыслова удэкараваных кватэрах на нашым раёне і збіраць цукеркі. Нічога супраць гэтай ініцыятывы не маю, а наадварот падтрымліваю. Гэта не толькі забава для дзяцей, але і ўмацаванне лакальнай супольнасці. Аднак для мяне не Halloween важны, а Дзяды.
Дзяды - асаблівая памятная дата для Беларусі і для мяне ў прыватнасці. У лепшыя часы, калі яшчэ можна было наведваць Беларусь, мы амаль заўсёды прыяжджалі ў Горадню на Дзяды. У Польшчы 1 лістапада выходны, таму часцяком атрамліваўся доўгі уікэнд, у дадатку у майго бацькі дзень нараджэння на прыканцы кастрычніка, ну і на могілкі мы абавязкова ездзілі прыбрацца ды знічы запаліць.
У гісторыі беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху менавіта гэты дзень, ці правільна казаць дні, сталі сімвалічным актам грамадскай мабілізацыі, пачынаючы ад 1988 г., калі 30 кастрычніка мусара разагналі вялізную камемарацыйную акцыю ў Менску (у 1987 г. адбыўся невялікі мітынг у парку Янкі Купалы).
Ізноўку маем дачыненне да сімвалічных сувязей: мітынг быў прысвечаны "чорнай ночы", аб якой я ўзгадваў пазаўчора. Ініцыятарамі і аганізатарамі выступілі групоўкі "Талака", "Тутэйшыя" ды новаствораны "Мартыралог Беларусі". Мітынгоўцаў жорстка разагнала міліцыя, калі яны кіраваліся ва ўрочышча Курапаты, асаблівае месца болю і памяці беларускага грамадства. Самае вядомае беларускае месца масавых расстрэлаў падчас сталінскіх чыстак.
Пазней Дзяды сталіся рэгулярнай датай памятных апазіцыйных шэсцяў. Мала хто памятае, але ў 1991-1996 гг. 2 лістапада быў выходным днём, бо ўласна гэтая дата лічыцца памінальным днём. У 2008 г. Нацбанк РБ нават выпусціў адмысловую памятную манету. Ужо не згадваючы аб культурным вымярэнні гэтага дня, апісанага ў вялікага ўсходнеславянскага паэта Адама Міцкевіча ў аднаіменнай драме "Дзяды".
Свята, якое адаптаваў каталіцкі касцёл і зрабіў з яго Задушкі, мае паганскія карані. Я быў выхаваны ў каталіцкай традыцыі, таму менавіта Дзяды, а не праваслаўная Радаўніца, якую адзначаюць увесну, сталіся для мяне днямі памяці і развагі надгісторыяй сям'і, сувяззю з продкамі і смерцю.
Усе гэтыя паездкі па вёсках у шчучынскім раёне, наведванне старых сваякоў, уборка могілак, аповяды аб розных дзядах-прадзедах і іншых продках у спалучэнні са звычайна вельмі дрэнным надвор'ем і атмасферай містыкі, смутку ды вечнасці асабіста мне давалі шмат пажытку для розуму. І гэта не мае нічога агульнага з нацыяналізмам ці каталіцтвам, гэта старэйшае і глыбейшае за іх пачуццё свайго месца ў гэтым свеце. Усведамленне, што мы тут і зараз не першыя і не апошнія (спадзяюся), што існуе нейкая невідочная сувязь паміж людзьмі сярод стагоддзяў і тысячагоддзяў, што трэба жыць, працягваць наш чалавечы род. Пры гэтым не губляючы сувязі з продкамі і сем'ямі, не зацыклівацца на забабонах, аджыўшых традыцыях, а развіваць іх, пераглядаць, дасканаліцца, адначасова памятаючы аб тым, што на той свет (што б там не было) мы не забярэм нічога.
Для мяне памяць - больш, чым рытуал на Дзяды, больш, чым зніч ці кветкі на могілках. Помніць - значыць змагацца. Помніць - значыць быць свядомым свайго месца ў гэтым свеце. Помніць - значыць паважаць тое, што было найлепшым у продкаў і не саромецца крытыкаваць і адмаўляцца ад таго, што было дрэнным і даўно зжытым. Дзяды добры момант, каб чарговы раз аб гэтым задумацца.
Post #353
143
- 👍 6
- ❤ 4
- 🔥 1