Каб скончыць тэму сёлетніх амерыканскіх падарожжаў, напішу колькі словаў аб дэтройтскіх музеях. Хацеў зрабіць гэта раней, але не было часу. Мне давялося пабываць у дзвух.
Першы, гэта мастацкая галерэя Detroit Institute of Arts. Даволі вялікі будынак у сярэднявечным стылі, у якім знаходзяцца пераважна карціны, але таксама іншыя прадметы мастацтва. Вялізную калекцыю сабралі ў асноўным звязаныя з аўтапрамысловасцю мясцовыя капіталісты.
У галоўнай зале, гэткім унутраным падворку, месцяцца прыгожыя фрэскі, прысвечаныя прамысловасці Дэтройта, аўтарства вядомага мексіканскага мастака-манументаліста Дыегі Рыўеры (1886-1957), намаляваныя ў 1932-1933 гг. Гэты твор ён сам лічыў ці не найлепшым у сваёй творчасці. Цікава, што мастак-камуніст, (не проста адзіночка, а чалец кампартыі) выкарыстаў у фрэсках таксама крыху біблейскіх матываў ды міфалогіі ацтэкаў. Сапраўдны мексіканец. Ды і ягонае поўнае імя гучыць як Diego María de la Concepción Juan Nepomuceno Estanislao de la Rivera y Barrientos Acosta y Rodríguez. Уф...
Рыўера быў дзіўным, але ўпартым камуністам. Найперш паверыў бальшавікам, быў у Маскве, пазней расчараваўся ў Сталіне, стаўшы трацкістам, пазней ізноў рамансаваў з СССР. Ягонай трэцяй жонкай была вядомая мастачка Фрыда Кало (1907-1954). Таксама камуністка, дарэчы.
Менавіта ён дапамог пераехаць Троцкаму ў Мексіку, нават сам даў прытулак Лёве Бранштэйну, але пазней пасварыўся з ім і яго выключылі з мексіканскіх трацкістаў. Паступова зноў зблізіўся з саўком.
Калі ён маляваў фрэскі, ЗША змагаліся з вялікай дэпрэсіяй. У Дэтройце, хоць і была сучасная і перадавая прамысловасць, але і безработнага пралетарыята хапала. Кажуць, што мастак-марксіст натхняўся і ўзроўнем прамысловасці, і тагачасным вострым сацыяльным канфліктам у горадзе. Фрэскі намаляваў за 8 месяцаў з памочнікамі. Што цікава, атрымаў вялізны ганарар. Камунізм-камунізмам, а есці хочацца ўсім.
Працу, натуральна, раскрытыкавалі хрысціянскія колы, пабачыўшы ў ёй прапаганду марксізму. Незалежна ад гэтага, скандал наадварот прыцягнуў увагу да музея, а на фрэскі дагэтуль прыяжджаюць глядзець турысты са ўсяго свету. Дарэчы, музей з'яўляецца 6 у Штатах па сваёй калекцыі мастацкіх твораў. І ў бастыёне сусветнага капіталізму ніхто мастакаў-марксістаў не адмяняе і не забараняе.
Post #308
85
- 👍 8
- ❤ 1
- 🤔 1