Працягваючы тэму дзіцячай літаратуры, звернемся да вершаў. Усё ж такі назва канала абавязвае. Увогуле, чаму я пішу аб дзіцячай літаратуры? Не толькі таму, што бацькоўская перспектыва заняла істотнае месца ў маім жыцці. Не толькі таму, што праз прызму развіцця дачкі цікава аналізаваць самога сябе. Але перад усім таму, што я лічу дзяцінства фундаментам асабовасці чалавека. Менавіта ў дзяцінстве і юнацтве закладваюцца асноўныя ідэі, якія пазней перакладаюцца на любую практыку цягам ўсяго жыцця. Усе нашыя каштоўнасці і мары, жахі і комплексы, стрыжань нашай сутнасці – усё адтуль. Можа не ў 100%, але у 90% напэўна. Канешне, крытычныя і крызысныя сітуацыі, як вайна, зняволенне, цяжкія хваробы, няшчасныя выпадкі і гд. могуць перавернуць жыццё чалавека да гары нагамі. Безумоўна. Аднак тое, як людзі сябе паводзяць у такіх складаных абставінах, іх захаваннене, пасродна вынікае з натуры дадзенай асобы. Таму я ўпэўнены і перакананы, што трэба як мага больш увагі прысвячаць педагагічным і выхаваўчым пытанням, развіваць лібертарныя дзіцячыя садкі ды школы, пісаць кнігі ды здымаць адмысловыя кінастужкі, рабіць музеі і выставы, якія б адпавядалі гуманістычным і антыіерархічным каштоўнасцям. Палітыкаў не зменіш, а ў дзяцей можна закласці зерне дабра, якое без ніякага сумневу дасць парасткі мацнейшыя ад нашых акцый ды ўлётак. Кнігі – адзін з важнейшых элементаў, які ўжо сёння будуе будучыню.
Апроч кніжак з казкамі ды апавяданнямі, у дачкі многа захапляльных кніг з вершамі. Адная з іх - выдатная праца сусветнавядомага аўтара, легенды дзіцячай шведскай літаратуры, пісьменніка Ульфа Старка (1944–2017), з не меньш займальнымі ілюстрацыямі фінска-шведскай мастачкі Лінды Бундэстам. Завецца яна “Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас”. У Беларусі кніга выйшла ў 2019 г. тыражом 500 асобнікаў у выдавецтве Koska Надзеі Кандрусечвіч і, як мне падаецца, у файным перакладзе Алесі Башарымавай. Грошы на кнігу збіраліся краўдфандыгам. Арыгінал выйшаў літаральна за год да смерці Старка.
«Звяры» складаюцца з 27 філасофскіх вершаў, нібыта для дзяцей, але насамрэч для ўсіх узростаў. Вершы, як і малюнкі, адначосава вясёлыя і да глыбіні смутныя, дзіўныя і адлюстроўваючыя характары і лёсы людзей вакол нас. Такіх звярэй не існуе ў свеце і такія звяры – гэта мы ўсе. Асабіста я пабачыў там сваіх блізкіх і сяброў, і сябе таксама. Але гэта было не адразу і прызнаюся, спачатку я не зразумеў, што гэта за звер, гэтая кніга, бо раней я не бачыў яго. Але пасля нейкага чарговага разу ўсё стала на свае месцы.
Кожны верш апісвае нейкую незвычайную істоту: Качэўліка, Зуботніка, Караську... Ёсць нават Біпалярнік (эх, Паўлік...) Усё гэтае звяр’ё мне нагадвае Бармаглота (Jabberwocky), у перакладзе Дзіны Арлоўскай з верша з вядомай усім “Алісы ў Залюстроўі”. Ёсць шмат версій, але гэты - адзін з маіх любімых вершаў.
Сярод звяроў нечакана для мяне схаваўся “Вольны Птах”, які пачынаецца словамі “Птушка Анархія...” Верш прысвечаны Стэле П. Што за анархія? Хто такая Стэла П.? Гэтага я не ведаў, і пачаў шукаць. Аказваецца, верш прысвечаны заўчасна памерлай фінска-шведскай літаратарцы і тэатральнай крытыкесе Стэле Парланд (1974-2015). Пішуць, што ейныя тэксты былі вельмі свабоднымі ў плане мовы і адрозніваліся дадаісцкім гумарам. А як мы ведаем, дадаізм меў пункты перакрыжавання з анархізмам. Для Старка, імаверна і для іншых, Стэла была своеасаблівай анархісткай. Магчыма і не своеасаблівай. У любым выпадку цікавае супадзенне.
І толькі пазней я даведаўся, што ў Старка ёсць кніга “Дыктатар” (ці не першая антыўтопія для маленькіх дзяцей?). Аб ўладзе, самотнасці, сяброўстве і любові. І пакуль што даступная ў беларускіх бібліятэках...
Post #296
120
- ❤ 7
- 👍 4