Увосень я ўсё ж такі дабраўся да Беларусі. Гэта быў першы і апошні раз, калі там пабывала мая дачка і мой апошні (?) візіт у "краіну пад белым сцягам".
Адным з найбольш цікавых праяваў нізавой самарганізацыі грамадства падчас падзей 2020 г. былі дваровыя суполкі. Пераважна ў Менску, але і ў іншых гарадах таксама. Людзі пачалі самі выходзіць, знаёміцца, абмяркоўваць, будаваць нізавыя структуры, закладалі чаты. Урэшце сапраўдная самаарганізацыя, гарызантальная, сацыяльная! Цудоўныя ініцыятывы былі быццам натуральным працягам маршаў, якія, каб перамагчы, проста павінны былі перарадзіцца ў нашта іншае.
Знаменны быў банэр (і ўлётка) анархісцкай групы Прамень "Уладу дварам!", пад якім яны выйшлі на марш на наступны дзень пасля апісаных тут падзей. Стыхійны "рух двароў" быў важным элементам беларускага паўстання.
У дваровых чатах дамаўляліся на начныя вылазкі, каб упрыгожыць вуліцы горад пратэстнай сімволікай. Выходзілі на вячэрнія хуткія мітынгі на скрыжаваннях, ладзілі сходкі ва дварах і маршы на раёнах.
Аднаго дня я неспадзявана пабачыў плакат з абвесткай аб сходцы ў нашым двары ўпрост на дзвярах свайго пад'езду. Мяне ахапіла эйфарыя, а нават гонар за суседдзяў. Канешне ж, такая падзея мяне не магла абмінуць.
У вызначаны дзень мы пайшлi на сходку ўсёй сямьёй. Дачку я трымаў у пераносцы-кенгуру на сабе. Агулам было 20-25 асобаў разам з дзецьмi. Iнiцыятары разлажылі столік, крэселкі, прынеслi прысмакi, людзi прыходзiлi з гарбатай. Была вядомая дзяўчына з гарадзенскага аддезлу "Мова Нанова". Менавіта яна аказалася адной з ініцыятарак сустрэчы. Адзiн мужычок, які проста мінаў наш двор, падышоў і пачатставаў яблыкамі ды бананамі i пайшоу па сваiх справах. Людзі віталіся і падтрымлівалі. Была гiтара, спявалi вядомыя песнi. Знаёмiлicя i размаўлялi на актуальныя тэмы, у тым лiку думалi, што можам зрабiць ва двары. Як палепшыць нашу агульную прастору. Было вельмi душэўна. У нас удомку быў бчб сцяжок, то мы яго ўсталявалі на драўлянай дзіцячай хатцы, каб сімвалічна пазначыць сваю прысутнасць на раёне.
Я сустрэў старых знаёмых, з якімі калісьці гуляў у футбік і завісаў ва двары. Мясцовыя п'янчужкі, які захраслі назаўсёды ў дзевятоўскіх блоках, падыходзілі, цікавіліся, салідарызаваліся.
Людзі сабраліся зусім розныя, але паветра было напоўнена прагненнем зменаў. Пачынаючы ад месца жыхарства. Былі і тыя, каму была не па густу гэтая вольная ініцыятыва. Падышоў адзін з жыхароў і пачаў нешта пра сцяг казаць. Адная з удзельніц з нашага дому стала дыскутаваць, што яна таксама не падтрымлівае гэты сцяг, але суцэльна падтрымлівае людзей і катэгарычна не можа пагадзіцца на тое, што робіць улада. Таму яна і прыйшла.
1,5 гадзiны праляцелi як 5 хвiлiн і вось суседка кажа, што зараз прыедуць мусара. Мы пачалi разыходзiцца толькi таму, што нас папярэдзiў узгаданы вышэй мужычок. Але гэта адбылося так хутка, што я нават не зразумеў, цi ён сам патэлефанаваў мянтам, цi проста нас папярэдзiў, каб мы хутчэй разышлicя. Помню, што ён скардзіўся, што нікога з нас не ведае...
Карнiкi усё ж прыехалi. На бусе. Лiтаральна 2 хвiлiны пасля таго, як усе разышлiся. Зрабілі мы гэта аператыўна. Мянтоў мы добра бачылi, бо стаялi пад пад'ездам. Яны пад'ехалi менавіта пад наш дом i адразу пайшлi на дзiцячую пляцоўку выконваць адказнае заданне - зрываць мiнi-сцяжок, якi там застаўся і шукаць экстрэмістаў.
У той вечар абышлося без затрыманняў, хаця мы маглі б паехаць на содні. Усё вырашалі літаральна некалькі хвілін. Я падумаў, што калі б там жыў, то спрабаваў бы далей нешта падобнае ладзіць. Жаданне нешта рабiць самім у пары-тройкi ўдзельнікаў было. Надзея тады яшчэ не згасла. Было прыемна, што атрымалася паўдзельнічаць у нiзавой самаарганiзацыі там, дзе я вырас. Дзе гуляў у хованкі, футбол і выпіў першую бутэльку піва. Дзе мы ў летнія ночы спявалі на лавачках пад гітары. Мой круцейшы двор - адзін з бастыёнаў дзіцячых мараў...
Спадзяючыся, што людзі будуць збiрацца i далей, я запомніў гэты ўтульны сімвалічны вечар на заўсёды. І ў чарговы раз пераканаўся, што ўсё вялiкае заўсёды пачынаецца з малога.
Post #133
101