Іншая сімвалічная ініцыятыва, у якой я браў удзел, гэта білборды. У жніўні 2020 г. па ініцыятыве таварышаў і таварышак з Варшавы была створана лібертарная група ў тг, дзе мы абмяркоўвалі, што можна зрабіць для Беларусі з Польшчы. Ну і вырашылі, што добрай медыяльнай, хоць і сімвалічнай акцыяй, могуць стаць гарадскія банэры. Яны б звярталі ўвагу польскага грамадства на падзеі ў суседняй краіне і заахвочвалі падумаць, падтрымаць і выразіць салідарнасць з паўстаннем.
У Варшаве справай займаліся анархісты_кі, у Кракаве, атрымаўшы дабро ад беларускай дыяспары, ініцыятыву каардынаваў я. Ідэя была агульная, але дзейнічалі мы аўтаномна. Вырашалі толькі разам наконт зместу білбордаў і некаторыя аргпытанні.
Я пачаў шукаць кракаўскія фірмы, якія займаліся ўсталяваннем бордаў, каб з нас не садралі як за звычайную рэкламу. Так, для некаторых фірм нашыя банэры былі толькі бізнэсам. Якія там рэпрэсіі, катаванні, дыктатура? Апроч таго, трэба было знайсці больш-менш добрыя шматлюдныя месцы, каб борды былі заўважальныя. Аказалася, што гэта не так і проста. Я нават звязаўся з галерэяй сучаснага мастацтва Bunkier Sztuki, што месціцца ў самым сэрцы Кракава, каб яны вевыселі на сваім будынку наш салідарны банэр. Справа ў тым, што ў 2012 г. там амаль месяц вісеў наш вялічэзны банэр з імёнамі палітвязняў РБ і РФ. Але мне адпісалі, што яны - інстытут культуры, а не палітычная арганізацыя. Крывадушнікі.
У выніку я знайшоў танную фірму, якая павесіла тры чорныя білборды з 3 надпісамі на фоне бчб сцяга:
1) 330 км адсюль рэжым забівае людзей (у Варшаве прыгожа зрабілі 161 км). Дарэчы, некаторыя фірмы адмовілася вешаць такі напіс (надта ж страшэнны (!);
2) 330 км адсюль людзі прагнуць зменаў;
3) 330 км адсюль людзі змагаюцца за свабоду.
У Кракаве борды правяселі месяц ці нават даўжэй, чым дамаўляліся з фірмай. Аб ініцыятыве напісалі
Хартыя, Gazeta Wyborcza (1, 2), аб нас узгадваў Белсат.
Навіну абмяркоўвалі ў Твітэры. Пад гэтым пастом нават адбылася дыскусія рускамірскіх каментатараў. На жаль, спасылка не працуе, але можа ў архівах Інтэрнэту недзе захавалася. Не ведаю, колькі людзей звярнула на іх увагу, аднак адзін кракаўскі борд быў усталяваны каля ZUS, месцы даволі наведвальным.
Хоць падчас арганізацыі гэтай сімвалічнай ініцыятывы былі шурпатасці, хоць гэта не бог ведае якая акцыя, усё роўна было пазітыўнае адчуванне, што ты нешта робіш для справы. Прынамсі інфармацыйна, прынамсі ўмоўна, але шчыра і сумленна.
Post #130
122
- 👍 5
- ❤ 3
- 🔥 1