Сёння будзе асабістае. Магчыма, для большасці нецікавае, але даю сабе зялёнае святло на рэтраспектыву некаторых падлеткавых фрагментаў цёмнай долі вашага пакорнага слугі.
Алкаголь - спадарожнік амаль усіх культур і субкультур, да якіх я быў датычны. Спадарожнік вераломны. Ён заўсёды абганяе цябе на некалькі крокаў і ты яго ніколі не пераможаш, калі не знойдзеш сабе іншага таварыша па жыцці.
У мяне доўгія і складаныя адносіны з алкаголем. У гэтым плане я франтавік, які адбыў не адну бітву, атрымаў тузін раненняў, горстку медалёў, наламаў дроў, хапануў жахаў, бязглузда рызыкаваў свабодай і здароўем... Але пакуль усё ж такі жывы, хоць цяжар зялёнага змея пільна сочыць за мной.
Да 18 гадоў я не піў гарэлкі ўвогуле. Таму што каталіком быў і абяцаў на першай прычасці такога не рабіць. Але пра піва і віно гаворкі не было. Вось мы і каштавалі півасік ды "чарніла" (добрае, але недарагое; таннае, але прыемнае, як мы жартавалі).
Упершыню я захмелеў у 14 год. Была вясна, я пісаў сачыненне па творчасці Якуба Коласа (?). І тут да мяне зайшлі дваровыя сябры: Чапа, старэйшы на 3,5 гады і Жуцік, старэйшы на 2. Яны разпілі бутэлечку чарнільца у пад'ездзе на паддашку (мы жылі на 9 паверсе). Я зрабіў літаральна некалькі глыткоў і пайшоў дапісваць працу. Тады я пачуў, што у галаве неяк прыемна кружыцца, з'явілася лёгкасць і прыемная стомленасць. Памятаю, што яшчэ нешта радаснае крычаў хлопцам з балкону. А пазней заснуў.
Пасля восьмага класа я паступіў у ліцэй на філалагічны рускі профіль, дзе і правучыўся тры наступныя гады. Наш ліцэй быў вельмі крутым месцам, ён не толькі значна пашырыў мой кругазор, але пазнаёміў з цудоўнымі людзьмі. Аб гэтым мо яшчэ калі і напішу.
Жылі мы вельмі сціпла, але бацькі неяк хацелі ўзнагародзіць мне маё першае паступленне і ўзялі крэдыт, каб я паехаў у летні лагер на месяц у Чэхію. Там я пачаў лепей разумець, што такое класавая няроўнасць, бо большасць дзяцей былі з буржуйскіх сямей. У апошні вечар перад выездам мы, канешне, накупілі піва і мясцовага чарніла у вясковай краме. Схавалі ўсё на гарышчы за дошкамі (жылі мы ўтдраўляных хатках), каб апякуны не знайшлі і перад апошняй дыскатэкай паддалі. Тады мне першы раз было дрэнна пасля алкаголю.
Калі я заканчваў 10 клас, у Горадні адбываўся традыцыйны Фестываль нацыянальных культур. Для моладзі нагода, каб патусавацца ў цэнтры. Менавіта тады я пазнаёміўся з "цэнтравымі" панкамі. Як жа мне гэта імпанавала, хлопцу з раёна тусіць з цэнтравымі! Тады за першай школай на беразе Нёмана была "кропка", дзе часцяком завісалі панкі. Знаёмства адбылося яскрава, пад размовы аб музыцы, піўко і чарнільца. Была пятніца, і ўначы па тэлебачанні павінны былі паказваць культавы "На ігле". Як жа я чакаў гэтага моманту! Дамоў я вярнуўся загаддзя. Бацькі, здаецца, былі на лецішчы. Натуральна, я быў пьяны. Званітаваў. Перад фільмам ішоў вялікі канцык, ці то з Нашэсця, ці нейкі іншы, з расейскімі рок-зоркамі. На маральна-валевых я паставіў таймер на целек, запусціў запіс відэа і адрубіўся. Зранку быў неімаверны бадун, але фільм запісаўся! Запіс пачынаўся з песні Земфіры "Мне , приснилось небо Лондона". Імаверна, што відэакасета дагэтуль недзе захоўваецца ў бацькоў на лецішчы. Я выйшаў пад краму, дзе выпадкова сустрэў ужо паўналетняга суседа. Папрасіў яго купіць мне бутэльку піва і пайшоў глядзець "Трэйнспоцінг". У маім жудасным стане мне падавалася, што я цалкам адчуў стан галоўнага героя і ягоныя ломкі. Хоць я пакутаваў ад бадуна, мне першы раз было так цяжка, усяго ламала. Але фільм зайшоў на ўра! І назаўсёды застаўся адным з самых любімых. Увечары мы ізноў пасунуліся ў цэнтар. Так пачалася эра майго панк-рока.
Post #120
126
- 👍 5
- ❤ 2
- 😱 1